Будаўнікі «Гроднажылбуда» афіцыйна выходзяць на страйк з 21 жніўня
Работнікі «Гроднажылбуду» правялі тайнае галасаванне з нагоды страйку. Як распавялі будаўнікі, за яе прагаласавала большасць супрацоўнікаў — 1950, супраць было 638 чалавек. Будаўнікі афіцыйна апавясцілі кіраўніцтва аб выніках.

У сераду, 19 жніўня, работнікі «Гроднажылбуда» арганізавалі на прадпрыемстве сход, на якім большасцю галасоў вырашылі выходзіць на страйк. Але вырашылі ўсё аформіць юрыдычна правільна. Таму на прадпрыемстве правялі тайнае галасаванне.
Асноўныя патрабаванні работнікаў: правядзенне сумленных выбараў, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ўзбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да жорсткага збіцця ўдзельнікаў мірных акцый.
Фота: s13.ru
Афіцыйны ліст быў накіраваны гендырэктару прадпрыемства і мэру горада Мечыславу Гою.
21 жніўня будаўнікі прыпыняюць сваю працу. Дзейнасць не спыняюць толькі падраздзяленні аховы, у тым ліку і пажарнай, кацельня і тэхнічныя работнікі, якія абслугоўваюць інтэрнаты і іншыя месцы агульнага карыстання.
Паводле tut.by