Былога міліцыянта з Гомля, які назваў беларускую мову «трупам», будуць судзіць

24-гадовы Васіль Варушчанка «праславіўся» пасля скандальных выказванняў і здымкаў у сацыяльных сетках.

var_wg9mp.jpg


У профілі хлопца ў VK шмат здымкаў у міліцэйскай форме і са зброяй. На адной з фатаграфіяў ён у цывільным сядзіць у судовай залі з закінутымі на стол нагамі.

snimok_ekrana_2017_01_21_v_00.28.36.png


У снежні былы супрацоўнік дэпартамента аховы МУС напісаў у суполку парталу «Моцныя Навіны» каментар (арфаграфія аўтара захаваная):
«Белорусский язык – это разлагающий и загнивающий труп, который уже давно порабы закопать поглубже!»
Грамадскі актывіст і ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак накіраваў заяву ў адміністрацыйную камісію Гомельскага гарвыканкаму з просьбай прыцягнуць Варушчанку да адказнасці за абразу роднай мовы. Актывіст палічыў, што гэтым выказваннем былы міліцыянт парушыў заканадаўства аб мовах (артыкул 9.22 КоАП).
Матэрыялы з гарвыканкаму перадалі на разгляд у адміністрацыю Навабеліцкага раёну. Экспертыза прызнала словы Варушчанкі знявагай. У дачыненні да маладзёна склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, які разгледзяць у судзе.
За апошні час гэта ўжо другі выпадак прыцягнення да адказнасці тых, хто парушае ўзгаданы артыкул.
У верасні летась, упершыню з 1999 года, да адміністрацыйнай адказнасці за абразу роднай мовы прыцягнулі жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых. Ён заплаціў штраф памерам у чатыры базавыя велічыні за каментары пад пастом, дзе абмяркоўваўся новы білборд мазырскага футбольнага клубу «Славія» з надпісамі на беларускай мове.
Тады Ігар Случак таксама займаўся справай. Актывіст піша магістарскую дысертацыю на тэму «Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь».
Паводле Белсат