Хакейны клуб «Дынама-Мінск» адстаяў права на беларускую мову

Хакейны клуб «Дынама-Мінск» будзе праводзіць прэсавыя канферэнцыі на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Такая дамоўленасць дасягнутая паміж кіраўніцтвам клуба і кіраўніцтвам Кантынентальнай хакейнай лігі.



dinamo.jpg

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў кіраўнік прэс-службы хакейнага клуба «Дынама-Мінск» Раман Стронгін. На афіцыйным сайце клуба заяўляецца: «Прэс-канферэнцыі пасля хатніх матчаў «Дынама-Мінск» у КХЛ будуць праводзіцца на абедзьвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь — рускай і беларускай, што не супярэчыць рэгламенту Кантынентальнай хакейнай лігі».

Раней кіраўніцтва КХЛ папярэдзіла афіцыйным лістом кіраўніцтва беларускага хакейнага клуба «Дынама-Мінск» пра недапушчальнасць выкарыстання беларускай мовы падчас правядзення прэс-канферэнцый. Падстава — тое, што выкарыстанне беларускай мовы нібыта парушае рэгламент КХЛ.

У сродках масавай інфармацыі гэты факт засведчыў журналіст Вячаслаў Федарэнка, а таксама пацвердзіў Раман Стронгін.

Кіраўніцтвы «Дынама-Мінск» і КХЛ пачалі пасля гэтага абмяркоўваць пытанне мовы. Вынікам стала дамоўленасць пра перамогу без паразаў: падчас прэс-канферэнцый беларусы будуць выкарыстоўваць як беларускую, так і рускую мовы.