Ці адменяць роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй?

Пытанне адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй патрабуе грунтоўнай прапрацоўкі рэгулюючымі органамі і аператарамі сотавай электрасувязі, заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў у інтэрв’ю расійскаму часопісу "Эканамічныя стратэгіі».

mobile_698624_1280.jpg


Тэкст інтэрв’ю апублікаваны на сайце Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Папкоў падкрэсліў: вырашэнне пытання пра адмену роўмінгу неабходна разглядаць з улікам таго, што дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе прадугледжвае зацвярджэнне да 1 студзеня 2020 года ў дзяржавах ЕАЭС адзінага падыходу да ўстанаўлення цэнаўтварэння на паслугі па пропуску трафіку. "Адным з механізмаў рэалізацыі адмены роўмінгу можа з’яўляцца фарміраванне агульнай дарожнай карты, у рамках якой аператары электрасувязі Беларусі і Расіі будуць сумесна ажыццяўляць практычную рэалізацыю мерапрыемстваў”, — сказаў Папкоў.
Ён паведаміў, што Мінсувязі Беларусі правяло маніторынг паказчыкаў па паслугах роўмінгу, якія прадстаўляюцца беларускімі аператарамі электрасувязі. "У найбліжэйшых планах — вызначэнне спіса тэхнічных і адміністрацыйных мерапрыемстваў, якія неабходна рэалізаваць аператарам у выпадку прыняцця рашэння аб адмене роўмінгу”, — адзначыў міністр. У першую чаргу, паводле яго слоў, неабходна на ўзроўні профільных міністэрстваў Беларусі і Расіі вызначыць стратэгічныя кірункі ўзаемадзеяння па гэтым пытанні. "Дасягнута дамоўленасць пра правядзенне ў першым квартале 2018 года сумеснай нарады двух міністэрстваў, арыентаванай на дэталёвую прапрацоўку пытанняў, звязаных з адменай роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй”, — паведаміў Папкоў.
У ліпені 2017 года Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву спікера Савета Федэрацыі Расеі Валянціны Мацвіенкі, якая прапанавала разгледзець пытанне пра адмену роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю па аналогіі з Еўрасаюзам, які 15 чэрвеня адмяніў плату за роўмінг унутры саюза для абанентаў еўрапейскіх кампаній мабільнай сувязі. У верасні Папкоў паведаміў журналістам, што Беларусь і Расія працягваюць абмяркоўваць магчымасць адмены роўмінгу. Але трэба разумець, што аб нулявым кошце пасля адмены гаворка не ідзе, дадаў міністр. "Пэўныя захады ўжо зробленыя, аператары сувязі паміж сабой ужо дамовіліся па зніжэнні цаны роўмінгавых паведамленняў. Будзем рухацца далей. Але трэба разумець, ні да якога нуля мы не прыйдзем, за ўсё трэба плаціць. Не будзе роўмінгу, будуць і ёсць аператарскія адносіны — паміж беларускім і расійскім аператарам. Цана нейкая застанецца. Але яна будзе разумнай. Эканоміку не падманеш. Усё роўна трэба абслугоўваць абсталяванне, за каналы сувязі плаціць”, — сказаў Сяргей Папкоў.
БелаПАН