Цікавы выбар. Глядзіце, што ВВС вызначыла як галоўныя падзеі ў Беларусі за тыдзень

«Тэрарыст» Аўтуховіч галадае ўжо амаль тры тыдні, а сям'я Сапегі пагасіла штраф за шкоду сілавікам. Галоўныя беларускія тэмы за тыдзень паводле ВВС.

Мікалай Аўтуховіч быў двойчы прысуджаны да калоніі па крымінальных справах у Беларусі

Мікалай Аўтуховіч быў двойчы прысуджаны да калоніі па крымінальных справах у Беларусі

Мікалай Аўтуховіч трымае сухую галадоўку ўжо 19-ы дзень; бацька Соф'і Сапегі пагасіў штраф па прысудзе дачкі — цяпер яе могуць памілаваць або экстрадаваць; маці асуджанага да 11 гадоў калоніі Ягора Дуднікава просіць расійскія ўлады забраць яго з Беларусі; У Гомелі вынеслі чарговы прысуд за фатаграфіі ваеннай тэхнікі. Руская служба ВВС распавядае пра чатыры галоўныя падзеі ў Беларусі, якія здарыліся за тыдзень.

Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку

19-ы дзень ветэран вайны ў Афганістане і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч трымае сухую галадоўку. Такім чынам ён пратэстуе супраць абмежавання яго ў перапісцы ў калоніі: яму перасталі даходзіць лісты нават ад 83-гадовай маці. На мінулым тыдні стан 59-гадовага Аўтуховіча рэзка пагоршыўся: узмацніліся болі ў жываце, пачалася рэзь, пачасціўся пульс.

«Адвакат зноў заявіла хадайніцтва на агляд бацькі знешнімі лекарамі, якое, натуральна, было адхіленае, — пісала 26 ліпеня дачка Аўтуховіча, Кацярына. — Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, нібыта яшчэ не гатовы. Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся аб кайданкі».

У чацвер дачка паведаміла, што Мікалая Аўтуховіча зноў не было ў зале суда «з-за сістэматычных парушэнняў». У якім стане знаходзіцца Аўтуховіч, яго адвакату не паведамілі.


У Беларусі Аўтуховіча абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў здрадзе дзяржаве і садзейнічанні тэрарыстычнай дзейнасці, яму пагражае смяротнае пакаранне.

Усяго па справе Аўтуховіча праходзяць 12 чалавек, у тым ліку пенсіянерка і святар, якіх праўладныя СМІ называюць тэрарыстамі. Паводле звестак следства, «сябры злачыннай групоўкі» падрывалі дамы і машыны супрацоўнікаў органаў, планавалі ўзяць у закладнікі расійскіх вайскоўцаў і не выключалі магчымасці фізічнай ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі.


Сям'я Сафіі Сапега выплаціла штраф па прысудзе дачкі

Бацькі Сафіі Сапега, прысуджанай да шасці гадоў калоніі за адміністраванне «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, выплацілі штраф, які з яе спагнаў суд.

Пра гэта ВВС паведаміў адвакат сям'і Сапегаў Антон Гашынскі. Гаворка ідзе пра 175 тысяч беларускіх рублёў (амаль 70 тысяч долараў) на карысць больш за 70 пацярпелых сілавікоў, чыноўнікаў і суддзяў.

Са слоў Гашынскага, штраф Сафіі аплаціў яе бацька Андрэй Сапега, які жыве ў Расіі. Пагашэнне шкоды было ключавой умовай для памілавання Сафіі Лукашэнкам (пра якое раней прасіла Сапега) або яе экстрадыцыі ў Расію для адбыцця пакарання.


Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені заявіў журналістам, што не выключае перадачу Сафіі Расіі. «Шкада дзяўчынку. Трэба гэта пытанне вырашаць», — цытавалі яго словы СМІ.


Маці Ягора Дуднікава просіць вярнуць сына ў Расію

Маці 21-гадовага расіяніна Ягора Дуднікава, які адбывае 11-гадовы тэрмін у Беларусі за агучванне ролікаў апазіцыі ў перыяд пратэстаў 2020 года, папрасіла Мінюст Расіі і расійскае пасольства ў Мінску хадайнічаць аб пераводзе яе сына для адбыцця пакарання ў Расію.


Мінскі гарсуд у лістападзе 2021 года прысудзіў Ягора Дуднікава да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне варожасці і заклікі ў інтэрнэце да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі.


Новы суд і прысуд за фатаграфіі расійскай ваеннай тэхнікі

У Беларусі працягваюць выносіць прысуды за фатаграфіі расійскай ваеннай тэхнікі. 21 ліпеня суд у Гомельскай вобласці прысудзіў чыгуначніка Аляксандра Лучыновіча да двух гадоў калоніі за відэа для тэлеграм-канала, прызнанага ўладамі Беларусі экстрэмісцкім.

Затрыманага ў сакавіку гэтага года Лучыновіча абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

У Гомелі разглядаюць яшчэ адну падобную справу — за фота з калонай расійскай ваеннай тэхнікі судзяць айцішніка Андрэя Уткіна, пракурор просіць для яго два гады калоніі. Уткіна таксама абвінавачваюць у адпраўцы здымкаў у гэты ж тэлеграм-канал.