Да Эдуарда Пальчыса дапусцілі адваката: Ён добра сябе адчувае і ўсім дзякуе

Эдуард Пальчыс, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, стваральник сайта 1863x.com змог пабачыцца з адвакатам.  Пра гэта распавядае яго абаронца Ганна Бахціна.

palchys_1.jpg


"Мы з ім бачыліся, з ім усё добра, адчувае сябе добра і перадае ўсім падзякі за падтрымку. На ўмовы не скардзіцца. Мяркую, што заўтра яму выставяць абвінавачанні і хутка справу перададуць у суд", — кажа Ганна Бахціна.
Раней беларускія праваабаронцы запатрабавалі забяспечыць усе працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага Эдуарда Пальчыса.
Па іх звестках, да яго не пускалі адваката. Праваабаронцы прынялі агульную заяву з патрабаваннем забяспечыць правы затрыманага.
"Сам факт таго, што адваката не пускаюць да абвінавачанага — гэта грубае парушэнне, якое абмяжоўвае права на абарону. У Беларусі не магу прыгадаць, каб былі такія праблемы. Гэта не адпавядае заканадаўству і міжнародным стандартам", — паведамляе праваабаронца Наста Лойка.
У мінулым годзе 25-гадовы ўраджэнец Ліды Эдуард Пальчыс з'ехаў ва Украіну, нягледзячы на тое, што быў пад падпіскай аб нявыездзе. У студзені 2016-га яго затрымалі на ўкраінска-расійскай мяжы.
Некалькі месяцаў беларус правёў за кратамі ў Расіі, пакуль не быў перададзены беларускім праваахоўнікам.
У Следчым камітэце заяўляюць, што ў Эдуарда Пальчыса няма праблем з адвакатам, абаронца дапучшаны да справы.
"Абаронцы, які прадстаўляе інтарэсы Эдуарда Пальчыса ва ўстаноўленым законам парадку, дазволенае наведванне падабароннага па месцы ўтрымання пад вартай. Ён мае права бесперашкодна кантактаваць са сваім падабаронным сам-насам і канфідэнцыйна, без абмежавання колькасці і працягласці гутарак. Дазвол выдадзены адразу ж пасля таго, як вызначылася месца яго пастаяннага ўтрымання пад вартай", — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Эдуарда Пальчыса  падазраюць у "распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні" (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў "распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў" (ч. 2 арт. 343 КК).9 чэрвеня каля следчага ізалятара па вуліцы Валадарскага ў Мінску прайшла несанкцыянаваная вулічная акцыя ў падтрымку Пальчыса.
Паводле euroradio.fm