Да лета беларускі росквіт можа скончыцца?

Беларуская ўлада, здаецца, ведае пра свой росквіт дакладна лепш, чым грамадзяне. Відаць, з росквітам усё значна горш, чым мы думаем. Можа росквіту больш за тры месяцы ўжо і не даюць. Таму да лета з выбарамі цягнуць было нельга, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»

zima_holad_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas1.jpg

Сёй-той не будзе праводзіць датэрміновыя выбары 23 лютага як пра тое спекулявалі некаторыя асобныя экстрэмісты. Таму што ў кагосьці стабільнасць і цалкам кантралюемая сітуацыя.

А калі ў цябе цалкам кантралюемая сітуацыя, то табе не трэба праводзіць датэрміновыя выбары. Куды спяшацца, ці не так? 

Таму ніякіх датэрміновых выбараў 23 лютага не будзе. Датэрміновыя выбары будуць 26 студзеня. А ўсё чаму? Таму што няма ніякай тэрміновасці. Настолькі няма ніякай тэрміновасці, што датэрміновыя выбары будуць яшчэ на месяц больш тэрміновыя.

І я, вядома, трошкі здзіўляюся. Вось пра 23 лютага ці якое-небудзь ранняе сакавіка, у мяне, скажам, ніякіх здзіўленняў не было. З 23 лютага або раннімі днямі сакавіка ўсё было зразумела. Росквіт настолькі заквітнеў, што надоўга яго ўжо не хопіць. Да лета, калі выбары трэба было праводзіць па плане, росквіт дакладна скончыцца.

Таму да лета з выбарамі цягнуць было нельга. Але што такога дрэннага можа здарыцца з росквітам за адзін месяц? Вось, здаецца, адзін лішні месяц росквіту б дакладна не пашкодзіў. Росквіт так хутка звычайна не псуецца. Ну гэта значыць, часам яно можа, вядома, сапсавацца літаральна за пару дзён. Але пакуль для гэтага няма ніякіх відавочных прыкмет, дадзеных нам у статыстычных адчуваннях.

Хоць, сёй-той, вядома, ведае пра свой росквіт дакладна лепш, чым мы з табой. Таму што ў кагосьці ёсць шмат недаступных нам медыцынскіх дадзеных. 

І можа быць, з росквітам усё значна горш, чым мы думаем. Можа росквіту больш за тры месяцы ўжо і не даюць.

А з іншага боку, справа можа быць зусім у іншых дыягназах. Можа, не толькі росквіт да лета не дацягне. Тады, вядома, з электаральнай кампаніяй лепш не зацягваць. Лепш ўкласціся ў тры месяцы пакуль у членах арганізма ёсць яшчэ некаторая выбарчая бадзёрасць.

А яшчэ абодва дыягназы могуць ускладняцца неспрыяльнымі геапалітычнымі фактарамі. Не мог не заўважыць, што пра свой удзел у электаральнай кампаніі сёй-той парадаваў не сваіх сведак стабільнасці, а чужых. Хоць свае ўвесь гэты час знемагалі з-за праклятай нявызначанасці.

І што з датай выбараў сёй-той вызначыўся на наступны дзень пасля таго, як расійскі амбасадар Грызлоў паабяцаў, што Расія абароніць яго ад дэстабілізацыі на выпадак электаральнай кампаніі.

А ў дзень, калі вызначылася дата выбараў, беларускія і расійскія генералы вызначыліся з задумай сумесных вучэнняў на будучы год. Генералы, праўда, не сказалі, калі канкрэтна яны збіраюцца правесці сумесныя вучэнні. Але некаторыя экстрэмісты падазраюць, што іх могуць сумясціць з электаральнай кампаніяй. 

Карацей, усё стабільна і пад кантролем. Таму ніякіх датэрміновых выбараў 23 лютага праводзіць не трэба. А трэба правесці датэрміновыя выбары 26 студзеня. А то да 23 лютага кантралюемая стабільнасць можа дзе-небудзь сапсавацца.

Не кажучы ўжо пра розныя раптоўныя непрыемнасці. Накшталт сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.