Так званыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца 26 студзеня. Латушка: «У Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзення выбараў»

«Лукашэнка баіцца свой народ, таму, як і з інаўгурацыяй у 2020 годзе, трымаў дату выбараў у таямніцы і прызначыў яе спадцішка», — кажа намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка. 

Ілюстрацыйны здымак TUT.BY

Ілюстрацыйны здымак TUT.BY

23 кастрычніка стала вядома, што так званыя прэзідэнцкія выбары 2025 у Беларусі адбудуцца 26 студзеня. 

Адпаведнае рашэнне прынята сёння «дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў».

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка пракаментаваў прызначэнне даты прэзідэнцкіх «выбараў» у Беларусі:

«Палата прадстаўнікоў, так званы парламент Лукашэнка, прыняла рашэнне аб правядзенні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 26 студзеня.

Глядзіце таксама

Яшчэ раз падкрэсліваю, што ў Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзення выбараў. Дадзенае дзейства, якое плануе арганізаваць Лукашэнка, нельга назваць інакш, як спробай перапрызначыць самога сябе ў чарговы раз на ўзурпаваную пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Па-першае, у турмах рэжыму знаходзяцца тысячы палітзняволеных. Сярод іх былыя кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у папярэдняй выбарчай кампаніі.

Па-другое, у Беларусі ліквідаваны ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Па-трэцяе, у Беларусі ліквідаваны ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі.

Па-чацвёртае, у Беларусі ліквідавана больш за 1700 няўрадавых арганізацый, што складае больш за 50% усіх няўрадавых арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі на перыяд 2020 года.

Глядзіце таксама

У Беларусі створана атмасфера страху і поўнага страху і тэрору, што не дазваляе казаць аб магчымасці арганізацыі свабоднай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і правядзення выбарчых кампаній.

Лукашэнка баіцца свой народ, таму, як і з інаўгурацыяй у 2020 годзе, трымаў дату выбараў у таямніцы і прызначыў яе спадцішка.

Лукашэнка здзяйсняе масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народа, падазраецца ва ўчыненні ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці і акта агрэсіі. Яго месца не на пасадзе прэзідэнта, а ў Міжнародным крымінальным судзе.

Я заклікаю ўсіх дэмакратычных партнёраў заявіць аб немагчымасці правядзення чэсных выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у той атмасферы страху і тэрору, якая створана ў нашай краіне».