Даярка супраць Следчага камітэту. Маці салдата, які загінуў у войску, дамагаецца крымінальнай справы

​Аляксандр Арлоў загінуў у слонімскай частцы ў верасні 2018 года. У траўні 2019 СК паўторна адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, нагадвае «Свабода».

Вайсковы партрэт Аляксандра Арлова

Вайсковы партрэт Аляксандра Арлова

Вольга Шаўко працуе даяркай на адной з малочных фермаў у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Сына Аляксандра адправіла ў войска крыху больш за год таму. 20-гадовы хлопец служыў недалёка ад дому, у Слоніме. У ліпені 2018-га прыязджаў у звальненне, казаў, што ў частцы ўсё было нармальна. Але пазней без падрабязнасцяў казаў пра дзедаўшчыну.

Праз два месяцы Вользе пазваніў камандзір сына і сказаў, што здарылася трагедыя — Аляксандра знайшлі павешаным.

«5 верасня ў адной з вайсковых частак Слонімскага гарнізону ўчыніў суіцыд шараговец Арлоў А.В., — гаварылася ў афіцыйным паведамленні Мінабароны. — Вайскоўцу 20 гадоў, да заканчэння службы яму заставалася крыху больш за паўгода. Папярэдне прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не звязаная з праходжаннем вайсковай службы. Па гэтым факце праводзіцца праверка Следчым камітэтам, у вайсковай частцы працуе камісія Міністэрства абароны».

Праверка некалькі разоў перарывалася на экспертызы. Справу перадалі спачатку ў вобласць, затым у Цэнтральны апарат Следчага камітэту.

 

«Хачу, каб яны ва ўсім разабраліся»

22 траўня 2019 года следчы па асабліва важных справах Цэнтральнага апарату Следчага камітэту С. Баланоўскі пастанавіў адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці сына Вольгі Шаўко — Аляксандра Арлова. Жанчына пайшла ў суд.

«Напісала скаргу і на Следчы камітэт, і на камандзіра часткі, — расказвае Вольга. — Я так думаю, што гэта яны вінаватыя ў смерці Сашы. На 1 ліпеня прызначылі разгляд. Хачу, каб крымінальную справу ўсё ж узбудзілі, каб разабраліся ва ўсім».

За 9 месяцаў праверак іх матэрыялы сабраліся ў важкі том. Вольга гэтыя дакументы бачыла толькі аднойчы, калі на пачатку вясны яе запрасілі ў абласное ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці. Паездка туды скончылася для жанчыны ў шпіталі. Следчыя не дазволілі Вользе сфатаграфаваць матэрыялы праверак, далі толькі пачытаць. Яна расхвалявалася, прыйшлося выклікаць хуткую проста да будынка СК.

«Мне прыйшлося б там тры дні сядзець, каб толькі прачытаць гэтыя шэсць тамоў, — расказвае пра тую паездку Вольга. — Нічога не дазволілі сфатаграфаваць. Сказалі, што пачытаць магу, нешта выпісаць. А адкуль я ведаю, што мне там трэба выпісваць?»

 

«Сын не мог павесіцца сам»

Вольга настойвае — сын не мог павесіцца сам. На разгляд сваёй скаргі ў минскі Дом правасуддзя яна прынесла некалькі фатаздымкаў з пашкоджаннямі на трупе Аляксандра. Гэтыя здымкі родныя салдата зрабілі за некалькі гадзін да пахавання. На адным з фота выразна відаць падвойны странгуляцыйны след на шыі.

«Я хачу аднаго — каб была ўзбуджаная крымінальная справа, — кажа Вольга. — Мой сын быў забіты. Чаму ён дома не павесіўся? Калі былі суіцыдныя пляны, мог дома павесіцца. Чаму ў частцы павесіўся?»

Скаргу Вольгі на дзеянні Следчага камітэту разглядалі ў закрытым рэжыме. Ужо ў судзе высветлілася, што 20 ліпеня 2019 году пастанова следчага Баланоўскага была адменена і было прынята рашэнне правесці дадатковую праверку. Раней пра яе жанчына нічога не ведала. Пастанову аб дадатковай праверцы прыняў кіраўнік аддзелу ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інтарэсаў службы і парадку выканання вайсковай павіннасці галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарату СК палкоўнік юстыцыі Кавалёў. У выніку на судовым пасяджэнні суддзя Дзядкова прыняла рашэнне: у задавальненні скаргі Вольгі Шаўко адмовіць.

Чым скончылася дадатковая праверка і чаму палкоўнік Кавалёў вырашыў яе правесці, ніхто Вользе пакуль не паведаміў.

«Не ведаю, ці змагу я дамагчыся свайго, — кажа Вольга ў будынку суду. — Усё залежыць толькі ад Следчага камітэту. Яны павінны расследаваць гэта. У мяне няма экспертаў, якія скажуць, ці могуць быць такія пашкоджанні пры павешанні».

Жанчына ўжо напісала скаргу на рашэнне суду ад 1 ліпеня 2019 году. Яна кажа, што гатовая прайсці ўсе інстанцыі.

www.svaboda.org