Далучайцеся да акцыі «Птушкі ля кармушкі»!
Настаў час падтрымаць птушак у суровыя марозныя дні. АПБ заклікае падкармліваць птушак на працягу халадоў, а 16 і 17 студзеня прыняць удзел у традыцыйнай акцыі АПБ «Птушкі ля кармушкі».
Чаму неабходна падкарміць птушак? Па-першае, птушкі адчуваюць недахоп корма з-за снегавога насцілу, па-другое — хуткая страта цяплыні патрабуе больш энергіі, а значыць – больш ежы. У сілах кожнага з нас – падтрымаць птушак: зрабіце простую кармушку! Яна стане паратункам для дзясяткаў вялікіх сініц, вераб’ёў, зелянушак і іншых гасцей! А вы з задавальненнем зможаце назіраць за шумным птушыным сняданкам!
Як далучыцца?
- 16 і/ці 17 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак на вашай кармушцы і дашліце дадзеныя ў АПБ адным з наступных спосабаў:
- запоўніце электронную форму на сайце(увага: форма адкрыецца 16студзеня);
- напішыце нам паведамленне на Facebook ці ВКонтакте;
- напішыце паведамленне на info@ptushki.org.
Дзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі і фотаназіраннямі ў сацыяльных сетках і па электроннай пошце. Хто ведае, можа менавіта ваша назіранне станне сапраўдным птушыным адкрыццём? Самыя цікавыя і адметныя фотаздымкі будуць абавязкова адзначаныя прыемнымі прызамі!
Чым карміць птушак?
Лепшы корм для вераб'іных — насенне сланечніка. Можна зрабіць сумесь: насенне сланечніка, проса і авёс. Але не страшна, калі якога-небудзь з гэтых кампанентаў не хапае. Сініцы і дзятлы з задавальненнем ядуць несалёнае сала. Яго можна нанізаць на цвічкі, забітыя па краях вашай кармушкі, падвешваць у сетачцы або на дроціках прымацаваць да галінак дрэваў. Вераб'і, зелянушкі, попаўзні, чыжы любяць ласавацца арахісам. Памятайце: разнастайнасць корму вабіць мноства птушак да вашай кармушкі!
Сярод удзельнікаў акцыі, якія паведамяць свае лічбы адным з прыведзеных спосабаў, АПБ разыграе 10 значыкаў з птушкамі, якія часцей за іншых наведваюць кармушкі: зелянушка, гіль, палявы і дамавы верабей.
Далучайцеся да назіранняў у Instagram! Зрабіце фота птушак, якія завіталі на вашу кармушку, выкладайце яго ў Instagram і пазначце агульным хэш-тэгам #птушкілякармушкі, па якім мы лёгка знойдзем вас!