Фірму «Слодыч» пакаралі за грэблівае стаўленне да беларускай мовы
Пракуратура і адміністрацыя Партызанскага раёну Мінска накіравалі ў суд справу супраць службовай асобы кандытарскай фабрыкі «Слодыч» за неналежную працу са зваротамі грамадзянаў, перадае Свабода.
Заснавальнікі ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная звярнуліся да кіраўніцтва мінскай фабрыкі «Слодыч» з просьбай дадаць беларускую мову на пакункі з гатовай прадукцыяй — балазе, у самім брэндзе вытворца пазіцыянуе сябе менавіта па-беларуску.
А ў выніку атрымалі нахабны адказ па-руску пра тое, што моўныя актывісты «сваёй беларускай мовай іх дыскрымінуюць», адзначыла Свабодзе Аліна Нагорная.
«...Обращением только на белорусском языке вы избавили возможности русскоговорящих сотрудников ОАО, ответственных за делопроизводство, получить информацию о сути просьбы на том языке, который они используют в повседневной жизни. Таким образом, русскоговорящая категория сотрудников — а это практически 100% — дискриминируется вами по языковому признаку, что нарушает ст. 17 Конституции Республики Беларусь», — гаворыцца ў фрагменце адказу за подпісам галоўнага тэхнолага Марыі Ярошкінай.
Ігар Случак і Аліна Нагорная абскардзілі непрыхавана грэблівы адказ у пракуратуру і адміністрацыю Партызанскага раёну Мінска. У выніку пракуратура абавязала кіраўніцтва «Слодыча» адказаць па-беларуску і прыцягнуць супрацоўніка да дысцыплінарнай адказнасці, а раённая адміністрацыя склала пратакол і перадала справу ў суд.
Абодва адказы з дзяржведамстваў, адрозна ад прадпрыемства «Слодыч», падпрыхтаваныя на беларускай мове.
«У сувязі з выяўленымі парушэннямі пракуратурай унесенае прадстаўленне з патрабаваннем даслаць вам адказ на беларускай мове, а таксама прыцягнуць службовых асобаў прадпрыемства да дысцыплінарнай адказнасці. Упраўленнем адукацыі Партызанскага раёну складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (арт.10.16 КаАП) у адносінах прадстаўніка ААТ „Слодыч“. Справа накіраваная для разгляду ў суд», — праінфармаваў намеснік пракурора Партызанскага раёну Максім Смаленскі.
У сваю чаргу кіраўніца справамі адміністрацыі Партызанскага раёну Карына Мікаялян паведаміла заяўнікам з ініцыятывы «Ўмовы для мовы», што справа накіраваная ў суд Партызанскага раёну Мінска на падставе арт. 3.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь.