Freedom House: за год у Беларусі стала лепш у барацьбе з карупцыяй

За мінулы год у Беларусі палепшыўся рэйтынг барацьбы з карупцыяй і пагоршыўся паказчык дэмакратыі.

fh_1104.jpg

На апошні паказчык паўплывала жорсткая рэакцыя ўладаў на сацыяльныя пратэсты ўвесну 2017 года. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым даследаванні міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House "Краіны ў пераходным перыядзе", на які спасылаецца tut.by. У дакуменце ацэньваецца развіццё дэмакратычных інстытутаў у краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы.

Згодга з даследаваннем, 19 з 24 краін маюць паказчыкі дэмакратыі горшыя, чым раней. Найбольш рэйтынг знізіўся у Венгрыі і Польшчы. Пры гэтым у Венгрыі за 23-гадовую гісторыю даследавання ўсе параметры паказалі рэкорднае зніжэнне. Пагоршыліся паказчыкі і ва ўсіх суседзяў Беларусі — Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі.

"Ва ўкаранёных аўтакратыях Еўразіі — персаналізаваныя рэжымы Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Туркменістана, Узбекістана і Таджыкістана трымаюць жорсткі кантроль над уладай, душаць палітычную канкурэнцыю і цэляць у незалежных актывістаў і журналістаў, якія асмельваюцца выказацца", — адзначаюць аўтар даклада.

На думку экспертаў, умацаванне дэмакратычных інстытутаў у посткамуністычных краінах Еўропы, якое адбылося ў канцы 1990-х і на пачатку 2000-х гадоў, затармазілася, а то і зусім было адмененае. З 2008 года паказчык дэмакратыі ў краінах Цэнтральнай Еўропы знізіўся ў такіх сферах, як СМІ, судовая сістэма і функцыянаванне нацыянальных дэмакратычных інстытутаў кшталту парламента і прэзідэнцкай пасады.

Эксперты Freedom House больш не лічаць Венгрыю і Балгарыю "кансалідаванымі дэмакратыямі", а Польшча наблізілася да выхаду з гэтай катэгорыі.

Беларусь у даследаванні не змяніла сумарны паказчык "дэмакратычнасці" — 6,61 з 7 балаў (1-3 балы адпавядаюць кансалідаванай дэмакратыі, 6-7 балаў — кансалідацыйнаму аўтарытарнаму рэжыму). Эксперты мяркуюць, што ў нашай дзяржавы палепшала барацьба з карупцыяй, пагоршылася сітуацыя з "нацыянальным дэмакратычным кіраваннем", на што паўплывалі рэпрэсіі, ужытыя ўладамі супраць сацыяльных пратэстаў увесну 2017 года.

Горшы за Беларусь паказчык "дэмакратычнасці" маюць Азербайджан (6,93), Казахстан (6,71), Таджыкістан (6,79), Туркменістан (6,96) і Узбекістан (6,89). Расія атрымала столькі ж балаў, як і наша краіна, — 6,61.

euroradio.fm