Google забараніў беларусам загружаць і абнаўляць платныя дадаткі ў Play Store
Рашэнне абмежаваць доступ да платных дадаткаў у Беларусі, верагодна, з'яўляецца яшчэ адным крокам Google у адпаведнасці з санкцыямі ЗША, хоць кампанія не зрабіла абвесткі пра гэта на сваёй старонцы.

Яшчэ 10 сакавіка Google заблакаваў магчымасць аплаты падпісак, куплі праграм і лічбавых тавараў карыстальнікам Android у Расіі ў сувязі з уведзенымі санкцыямі. 5 траўня Google перастаў размяшчаць у краме дадаткаў новыя платныя прадукты, створаныя расійскімі распрацоўшчыкамі, а таксама абнаўлення для ўжо існуючых. Цяпер аналагічныя меры закранулі распрацоўшчыкаў і карыстальнікаў з Беларусі, паведамляе Android Police.
У абнаўленні свайго даведачнага артыкула пра білінг Google Play, які тычыцца Расіі, Google цяпер уключыў Беларусь у якасці яшчэ аднаго боку, які патрапіў пад санкцыі. Тэкст, які раней быў арыентаваны толькі на расійскіх карыстальнікаў, цяпер абвяшчае: «У рамках нашых намаганняў па выкананні патрабаванняў Google Play блакуе загрузку платных дадаткаў і абнаўленняў для платных прыкладанняў у Расіі і Беларусі». Гэта азначае, што абнаўлення бяспекі і функцый для набытых прыкладанняў больш не будуць паступаць карыстальнікам Google ні ў адной з краін.
Але, у адрозненне ад расійцаў, беларусы могуць здзяйсняць унутраныя пакупкі і афармляць падпіскі ў бясплатных дадатках.