“Газета Слонімская” перамагла ў судзе
16 красавіка суд Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці адмовіўся задаволіць позву кіроўцы рэйсавага аўтобуса г. Слоніма да журналісткі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” і рэдакцыі газеты, якая выступала суадказчыкам.
Паводле суда, звесткі, якія аспрэчваў пазоўнік, не ўтрымлівалі ніякай зневажальнай для яго інфармацыі.
Падставай для звароту ў суд, нагадаем, была публікацыя «Равнодушие пугает» у “ГС” №9 ад 4 лютага 2015 года за подпісам Таццяны Плахетка.
У артыкуле журналістка апісвала сітуацыю з удзелам сваёй 7-гадовай дачкі: дзяўчынка ехала ў аўтобусе без бацькоў і не змагла выйсці на патрэбным прыпынку ля школы, бо кіроўца на ім не спыніўся. Акрамя таго, паводле журналісткі, пазней ён праігнараваў яе просьбу ператэлефанаваць, хаця яна перадала нумар тэлефона праз дыспетчара аўтапарка.
На думку зыскоўца, у артыкуле былі распаўсюджаныя звесткі, «якія не ў поўнай меры адпавядаюць рэчаіснасці» і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Ён сцвярджае, што ніякага нумару тэлефона яму не перадавалі і ніякага дзіцяці ў салоне аўтобуса ні ён, ні кандуктар не заўважылі. Ён бачыць сваю віну толькі ў тым, што не спыніўся на прыпынку, за што яму ўжо зрабілі заўвагу на працы.
Кіроўца хацеў, каб суд абавязаў выданне абвергнуць звесткі пра тое, што ў салоне аўтобуса знаходзілася дзіця, «бо гэтая абставіна нічым не пацвярджаецца». Таксама ён дамагаўся, каб журналістка прынесла яму прабачэнні, выплаціла кампенсацыю маральных стратаў у памеры 5 млн. рублёў і пакрыла судовыя выдаткі (дзяржаўная пошліна ў памеры 540 тыс. рублёў).
«Мы спадзяваліся, што суд разбярэцца ў гэтай справе і вынесе адпаведнае сітуацыі рашэнне. Так і адбылося”, — пракаментаваў прэс-службе ГА “БАЖ” рашэнне суда галоўны рэдактар “ГС” Віктар Валадашчук.