
Абвінавачаны ў забойстве рэпера Ёргас Рупакіс
У Грэцыі прайшло першае судовае паседжанне па справе праварадыкальнай партыі "Залаты світанак" ("Хрысі Авгі"). З-за адсутнасці галоўных абвінавачаных слуханні былі перанесены на 7 траўня 2015 года. Пра гэта ў панядзелак, 20 красавіка, паведамляе агенцтва AFP.
Усяго па справе праходзяць 69 чалавек, у тым ліку лідар партыі Нікалаас Міхалоліакас, які на першае паседжанне не з'явіўся. Грэчаскія праварадыкалы абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі, нападах на людзей, забойствах і незаконным абароце зброі. Працэс можа зацягнуцца на некалькі месяцаў, а падсудным пагражае да 20 гадоў турмы.
Разгляд справы пачаўся пры павышаных мерах бяспекі ў турме Карыдалас, размешчанай у прыгарадзе Афін. З-за асцярог вулічных акцый прыхільнікаў партыі было прынята рашэнне закрыць усе школы ў акрузе. Аднак, як паведамляе агенцтва AFP, на лаве падсудных у першы дзень прысутнічалі толькі 40 абвінавачаных, астатніх прадстаўлялі адвакаты. Праз дзве гадзіны пасля пачатку паседжання суддзя прыняў рашэнне перанесці слуханні на 7 траўня.
Чальцы "Залатога світанку", якая на апошніх парламенцкіх выбарах набрала 6,3 адсоткі галасоў, падазраюцца ў датычнасці да шматлікіх нападаў на мігрантаў і палітычных праціўнікаў.
Самі лідары "Залатога світанку" ўспрымаюць суд як расправу ўрада над палітычнымі канкурэнтамі. На іх думку, улады проста спалохаліся папулярнасці правых, якая расце, і вырашылі ад іх пазбавіцца, адзначае lenta.ru.
Нагадаем, «Хрысі Авгі», члены якой выказваюць сваё захапленне Адольфам Гітлерам, выкарыстоўваюць у якасці эмблемы стылізаваную свастыку і вітаюць адзін аднаго нацысцкім салютам, набралі на фоне незадаволенасці насельніцтва мерамі жорсткай эканоміі 6,3% галасоў на ўсеагульных выбарах і правялі 18 дэпутатаў у парламент краіны.
З тых часоў былі арыштаваныя шэраг актывістаў і прыхільнікаў партыі, у тым ліку і яе лідэр Нікалаас Міхалоліакас. Аднак у канцы сакавіка 2015 г. ён быў выпушчаны на свабоду, бо тэрмін папярэдняга зняволення паводле грэчаскага заканадаўства не можа перавышаць 18 месяцаў.