«Гэта самагубства»: СК завяршыў расследаванне справы шараговага Коржыча

Паводле следчых, збіццё і здзекі сталі прычынаю самагубства 21-гадовага шараговага Аляксандра Коржыча.

Аляксандр Коржыч. Фота з сацсетак

Аляксандр Коржыч. Фота з сацсетак


Следства адпрацоўвала тры версіі трагічнага здарэння ў вайсковай частцы ў Печах: забойства, давядзенне да самагубства і самагубства. 19 красавіка Следчы камітэт зладзіў прэс-канферэнцыю, каб расказаць, як загінуў Аляксандр Коржыч.
«Расследаванне завершана. Па гэтай крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных прыцягнулі траіх сяржантаў. Яны праходзяць па 150 эпізодах, віну прызналі часткова. Дзеянні вайскоўцаў прывялі да самагубства Коржыча», — заявіў Алег Шандаровіч, кіраўнік галоўнага следчага ўпраўлення СК Беларусі.
Паводле прадстаўніка СК, версія забойства не пацвердзілася.
Пасля гібелі салдата Аляксандра Коржыча Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «парушэнне статутных узаемаадносінаў, што прывялі да цяжкіх наступстваў». Маці Аляксандра Коржыча раней распавяла, што сын часта прасіў дасылаць яму грошы. Ужо пасля смерці саслужыўцы Аляксандра Коржыча паведамілі, што адзін дзень у Печах каштуе Br 15, але ад здзекаў грошы не заўсёды ратавалі.
Маці Коржыча распавяла «Белсату», што ейны сын казаў пра сваёй жыццё ў казарме:
«Мама, сяржанты прыводзяць прастытутак сюды ўначы, падымаюць баявую трывогу, нас усіх шыхтуюць. І яны тых баб маюць па поўнай праграме – і гэтак цэлую ноч!.. На шыю апранаюць хамут уначы, а там іголкі, і цэлую ноч трэба мыць унітазы, і што, кажу, ты таксама ўнітаз мыў? Ён кажа – мама, я зубной шчоткай чысціў умывальнік… Саша распавядае: «Мама, я тут такіх жахаў наглядзеўся! Падымаюся ўначы: не ведаю, нейкія крыкі ці што. Заходжу ў прыбіральню: хлопец вісіць!» Я кажу: «Як вісіць?» – «Ну як вісіць? Пачаў я крычаць, падняў я яшчэ трох хлопцаў – і мы яго ўратавалі…».


Святлана Коржыч, даведаўшыся пра вынікі расследавання, заявіла ў размове з журналістамі TUT.BY, што «пойдзе да Лукашэнкі».
«Хай галоўнакамандуючы трымае адказ, як ён захаваў жыццё майго дзіцяці», — сказала маці Аляксандра Коржыча.
Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах. Цела Коржыча знайшлі са звязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны.

belsat.eu