«Гэта ўсё патрэбна для беларусаў»
Юлія Бука некалі вярнулася ў сваю родную вёску Валодзькава на Глыбоччыне, стала скупляць там хаты і першай пачала развіваць агратурызм у гэтым краі. Яна шчырая і мудрая, а да ўсіх жыццёвых перыпетый ставіцца са спакойнай упартасцю.
Здаецца, мамін характар пераняла і 21-гадовая Алеся, студэнтка ПДУ, якую затрымалі ў інтэрнаце 26 сакавіка, правялі ператрус, трое сутак пратрымалі ў ІЧУ і цяпер падазраюць у абразе прадстаўніка ўлады.
На Глыбоччыне доўгі час трываў антыбальшавіцкі супраціў. Да 1939 года гэтыя землі былі пад Польшчай, і, калі прыйшлі Саветы, мясцовыя жыхары вельмі хутка зразумелі, што нічога добрага яны не прынясуць. Але пачалася вайна — і да ўлады прыйшлі немцы, ад якіх, гаворыць Юлія Бука, моцнай шкоды тут не было. Ды толькі па вайне савецкая ўлада зноў стала ўводзіць свае парадкі.
— У 1950-х мамінаму бацьку сказалі ісці ў калгас, а ён сказаў, што не пойдзе. Тады яму пад самыя вокны абрэзалі зямлю. Ён мусіў прадаць усю маёмасць і паехаць у Глыбокае, — распавядае спадарыня Юлія.
Мама Юліі як дзедава спадкаемца засталася ў вёсцы Валодзькава, што за паўтара дзясятка кіламетраў ад Глыбокага, і тут нарадзілася Юлія.
Яна скончыла Віцебскі ветінстытут, працавала ветэрынарным урачом, нейкі час жыла ў Глыбокім, а ў 1989 годзе, калі нарадзіўся першы сын Лёша, вярнулася ў Валодзькава, бо працы ў горадзе не было, а плаціць за кватэру трэба. Юлія пайшла працаваць у калгас — яе, з вышэйшай адукацыяй, паставілі паіць цялятаў. Гэтаму, так бы мовіць, паспрыяў і канфлікт з маладым старшынёй, які спрабаваў яе дамагацца. Але доўга ў калгасе яна не пратрымалася і неўзабаве пайшлі працаваць у клуб.
«Юля, якая не любіць Лукашэнку»
Да выбараў 1994 года Юлія і ўся яе сям’я ўжо былі беларускамоўнымі. Яна ўзгадвае, што тады многія ўстановы перайшлі на беларускую мову. Але на прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння працягвалі аказваць ціск.
— Я ўбачыла гэта па тэлевізары, і мяне так закранула гэтая несправядлівасць, што я паехала ў Глыбокае, прыйшла ў клуб і спытала, ці ёсць там суполка БНФ. Падчас перадвыбарчай кампаніі я збірала подпісы за Пазняка.
Спадарыня Юлія не прыгадае, што так моцна паўплывала на яе светапогляд, але гаворыць, што, магчыма, гены ўзялі сваё: яе дзед у свой час слухаў «Радыё Свабода», чытаў польскую прэсу, а Саветы забралі ў яго ўсё, што было.
А яшчэ Юлія заўсёды востра адчувае ману і несправядлівасць і абараняе тых, на каго аказваюць ціск.
— Ніхто не вучыў нічому, але тады па тэлевізары паказвалі пасяджэнні Вярхоўнага савета, мітынгі, я гэта бачыла і сама па сабе да ўсяго дайшла, стала мясцовым дэпутатам. Потым у мяне дзеці пыталіся: «Мама, чаму ты не пайшла ў палітыку?» Таму што ў мяне асновай заўсёды была гаспадарка, я ведала, што яна мяне прагадуе. А калі б я пайшла ў палітыку, у мяне не было ніякіх гарантый, на што гадаваць дзяцей. Тады ўжо быў час, што да нас прыходзілі і глядзелі, як жывуць мае трое дзяцей. Хадзілі плёткі, мяне звалі «Юля, якая не любіць Лукашэнку».
Суразмоўца ўзгадвае, што за час яе палітычнай актыўнасці было ўсялякае. Так, калі яна збірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча на выбарах 2006 года, некаторыя людзі хаваліся ад яе ў хлявах. Калі ж сама вылучалася ў дэпутаты, казалі: «Хто табе будзе пенсію плаціць?» Са знявагай і ціскам за прынцыповую пазіцыю і беларускую мову даводзілася сутыкацца пастаянна, але ратавалі сябры. Цяпер, гаворыць спадарыня Юлія, гэта стала мэйнстрымам, а для яе гэта заўсёды было жыццём, і так яна выхоўвала сваіх дзяцей.
Раней магла зарэзаць цяля, цяпер падтрымлівае дачку-веганку
Сітуацыю ў краіне Юлія Бука можа ацаніць па выбарчых кампаніях, за якімі даводзілася назіраць у роднай акрузе.
— Я кажу, што не трэба ніякая вайна. Калі я была назіральніцай на выбарах 25 гадоў таму, было больш за 500 чалавек выбаршчыкаў. Летась назіральніцай была мая Алеся, і там было каля 260 выбаршчыкаў. Дзе падзеліся людзі? Вёскі сталі пустыя. Я разумею, што магу закрануць пачуцці шматдзетных сем’яў. Але дурнейшай праграмы, чым гэтая дапамога шматдзетным, уявіць цяжка. Сацыяльнае жыллё будавалася толькі ў гарадах, і ў нас з вёсак павывозілі шматдзетныя сем’і. Я згодная, што ім трэба дапамагаць, але купіце ім трактар, карову, дапамажыце пабудаваць катэдж — і хай яны працуюць.
Спадарыня Юлія гаворыць, што, калі б цяпер ёй давялося працаваць ветурачом у калгасе, яна б «ашалела», бо гэта здзек з усяго жывога. Ёй вельмі балюча бачыць кадры, на якіх паказваюць кароў па калена ў гноі.
— Нас ніхто не вучыў шкадаваць жывёлу і гуманна ставіцца да яе. Жывёла — гэта тое, што трэба з’есці, — узгадвае жанчына ўстаноўкі, з якімі некалі ішла працаваць ветурачом.
Пэўны час Юлія трымала гаспадарку: былі ў яе і нутрыі, і свінні, і каровы, і птушка. Але цяпер сям’я адмовілася ад усяго, што трэба зарэзаць і з’есці: дачка Алеся — веганка, і маці падтрымлівае яе філасофію. Спачатку яна шкадавала пачуцці дачкі, а потым і сама прыйшла да яе поглядаў, хаця некалі магла зарэзаць і разабраць цяля. Цяпер гаспадыня яшчэ трымае кароў, курэй і кабылу, але гэта больш для забеспячэння патрэб гасцей яе сядзібы «Родны кут». А апошнім часам у сям’і з’явілася ператрымка сабак.
Тэму вегетарыянства і гуманнасці спадарыня Юлія экстрапалюе і на цяперашнюю палітычную сітуацыю ў Беларусі. Яна распавядае, што Алеся, калі сядзела ў полацкім ІЧУ, пазнаёмілася з некалькімі дзяўчатамі, многія з якіх былі вегетарыянкамі.
— Чаму ў нас у турмах сядзяць найлепшыя, разумныя, адукаваныя, чаму яны супраць таго, што адбываецца, а не нейкія п’яніцы? Таму што ў іх ужо іншыя падыходы і іншыя патрабаванні, — разважае жанчына.
Гаспадыня вёскі
Юлія Бука з дзяцінства захаплялася прыродай роднага краю і вясковым жыццём. У сталым узросце вывучала досвед літоўскіх і польскіх сядзіб. А потым у 1990-х гадах хаты ў вёсцы сталі прадавацца. Першую хату ў Валодзькаве Юлія набыла больш за 20 гадоў таму. Смяецца, што, можа, спачатку гэта быў нейкі «пункцік», каб не прыехалі чужыя суседзі, бо людзі бываюць розныя і прыезджыя часам уводзяць свае парадкі, сварацца. Потым купіла хату ў дзеда — і тады ўжо вырашыла заняцца турызмам. Першых гасцей сядзіба «Родны кут» прыняла з падачы вядомай дзяячкі Ады Элеўны Райчонак, якая арганізоўвала мастацкі пленэр. А потым стала працаваць «сарафаннае радыё» — і цяпер Юлія Бука, фактычна, «гаспадыня вёскі», дзе жыве які тузін чалавек.
Хоць гасцей тут размяшчаюць у простых вясковых хатах без усялякіх выкрутасаў, у кожнай з іх — свая гісторыя. У адной бальшавікі шукалі людзей, што не хацелі служыць у савецкім войску, другую, ледзь не стогадовую, калісьці разабралі і перавезлі з хутара… Некаторыя хаты яшчэ на стадыі рамонту, які сям’я Букаў робіць уласнаруч, але ў іх ужо праглядаецца свой характар — калі так можна сказаць пра дом. Атмасферу ў іх ствараюць адметныя прадметы мэблі, а яшчэ нешта зусім няўлоўнае, бо, нягледзячы на простую абстаноўку, знаходзіцца тут надзвычай камфортна і ўтульна.
Тут рады гасцям-аднадумцам і, хоць за пражыванне бяруць і так няшмат, беларускамоўным яшчэ прадастаўляюць зніжку. З бліжэйшых атракцый — невераемная дзікая прырода (ля вёскі не дзіва сустрэць статак казуль), возера Акунёва з пляжам ды горад Глыбокае са сваёй адметнай гісторыяй і вішнёвым фестывалем.
Возера Акунёва
У планах гаспадыні зрабіць некалі ў адной з хат этнаграфічны музейчык, бо назбіралася досыць шмат старадаўніх рэчаў. Але пакуль іх не размяшчаюць у жылых дамах, бо госці бываюць розныя: была гісторыя, калі муж адной з пастаяліц з рэўнасці спаліў хату Букаў. Да таго ж, гаспадары ніколі не кантралююць сваіх гасцей, не жывуць з імі і не навязваюцца, таму складана сачыць за тым, каб каштоўныя рэчы былі ў захаванасці.
Дамы аграсядзібы «Родны кут»
Ператрус, ІЧУ і падсадная ў камеры
— Дзеці заўсёды ведалі, што робіцца ў сям’і, развозілі са мной улёткі. Але ў нас быў такі закон: вам не сорамна за мяне, мне не сорамна за вас, — гаворыць Юлія Бука. — Мой старэйшы, Лёша, хадзіў у школу з доўгімі валасамі, ён быў металіст, ездзіў на канцэрты. У школе казалі, што лепш бы ён пастрыгся, але ён добра вучыўся, валасы былі чыстыя, сабраныя ў хвосцік. Сярэдні, Данік, хадзіў у глыбоцкую гімназію з іракезам, я яго сама галіла. Настаўніца казала: «Завяду цябе ў цырульню і не пабаюся тваёй мамы». Таму дзецям заўжды даводзілася за нешта змагацца: за сваю прычоску, за погляды, за мову.
Аляксандра Бука з новай прычоскай, якую дапамагла зрабіць маці
Малодшая, Аляксандра, — не выключэнне. Гэта танклявая дзяўчына з моцным характарам і цвёрдымі перакананнямі. Алеся вучыцца на філолага ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. 11 сакавіка яна паўдзельнічала ў флэшмобе салідарнасці са зняволенымі студэнтамі: знялася з паплечнікамі ў роліку, дзе пагалілася нагала. З чатырох удзельнікаў відэа толькі Алеся і яшчэ адна дзяўчына не хавалі сваіх абліччаў і імёнаў. Увечары 26 сакавіка ў інтэрнаце, дзе жыве студэнтка, прайшоў ператрус, забралі тэхніку, а саму дзяўчыну затрымалі на трое сутак. Цяпер яна дома, але застаецца падазраванай па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса.
— Пасля вобшуку мне сказалі, што ў іх такая практыка ў Полацку і Наваполацку: яны збіраюць сліну, каб рабіць базу даных, замест адбіткаў пальцаў. Я сказала, што нічога даваць не буду. Да таго ж, у іх з сабой не было ніякіх прылад для гэтага. Але мне сказалі, што трэба праехаць на гутарку ў пастарунак. Я спытала, ці мяне вернуць, ці браць з сабой нейкія рэчы. Мне сказалі, што адпусцяць, — распавядае Аляксандра.
У міліцыі яе прывялі ў кабінет, дзе сядзелі трое супрацоўнікаў. Дзяўчына папрасіла паперку і ручку, каб пазначыць іх прозвішчы, але ёй нічога не далі. Адмовіліся і паведаміць яе працэсуальны статус, толькі да гэтага падчас ператрусу сказалі, што яна падазраваная, але справу не назвалі. У міліцыі ў яе запытваліся, як даўно яна ходзіць з бел-чырвона-белым сцягам, потым казалі, што яна сведка. Алеся патрабавала званок і адваката, але ў адказ пачула, што яна перагледзела амерыканскіх фільмаў і ў Беларусі так не бывае. Тады дзяўчына адмовілася размаўляць. На яе крычалі матам, пагражалі, спрабавалі ціснуць праз сям’ю і сяброў.
У выніку перад дзяўчынай разгарнулі Крымінальны кодэкс і пачалі даказваць, што патрабаванне здаць сліну — законнае, а калі яна адмовіцца, ёй прыпішуць супраціў. Тады Алеся ўсё ж здала сліну. Таксама ёй удалося патэлефанаваць маці і сказаць, што яе затрымалі.
Дзяўчыну адвезлі ў ІЧУ, а на наступны дзень міліцыянт спрабаваў з ёй «пагутарыць», аднак Алеся адмовілася размаўляць з ім без адваката.
— Ён сказаў: калі не хочаш па-добраму, будзем па-благому. Ёсць 22 ці 21 крымінальная справа, па якіх мяне можна саджаць кожны раз на трое сутак. Я сказала: «Ну, значыць, будзем па-благому».
Спрабавалі на дзяўчыну ціснуць і фізічна: ёй сказалі, што тым, хто пад следствам, ежу перадаваць нельга, толькі прадметы першай неабходнасці. Але на просьбу Алесі забяспечыць ёй веганскае харчаванне ёй прынеслі на абед усе стравы з мясам. Зняволеная адмовілася ад ежы.
Пасля няўдалай гутаркі з міліцыянтам Алесю вывелі і неўзабаве перавялі з камеры, дзе яна сядзела з некалькімі жанчынамі, у іншую, на дваіх. Там ужо сядзела жанчына, якая прадставілася Людмілай Уладзіміраўнай Леўчанка і сказала, што яна — выкладчыца БДУ і яны бастуюць.
— Я пачала пытацца, што яна выкладае, а яна кажа: розныя прадметы — замежную мову, хімію, фізіку… У яе былі праблемы ў тэрміналогіі, я адразу яе раскусіла. Ёй, відаць, сказалі, што я люблю жывёлак, і яна мне распавяла, што жыве ў 4-пакаёвай кватэры, і ў яе там ледзь не заапарк, хіба што сланятаў не было. Потым казала, што займаецца спортам, трыятлонам, нечым яшчэ. А я паведаміла, што займаюся тайскім боксам.
Пасля гэтага, гаворыць Алеся, сукамерніца трошкі сціхла, але дзіўныя пытанні ад яе не скончыліся. Яна спрабавала выпытваць пра сям’ю, пра тое, ці падпісаная дзяўчына на прызнаны экстрэмісцкім тэлеграм-канал, а таксама пра яе стаўленне да Качанавай.
У камеры была яшчэ адна забаўная сітуацыя.
— Нам прынеслі кнігі — Пушкіна, а таксама савецкі зборнік казак народаў сацыялістычных краін. Сярод іх была літоўская казка на рускай мове, называлася «Тры зярняткі». І там было падкрэслена слова «петушок», а збоку прыпісана «в вашей камере». Не ведаю, ці тычылася гэта мяне, але яны, напэўна, ведалі, што я выберу гэтую кнігу, бо там на вокладцы — хлопец у вышыванцы, дзяўчына ў какошніку, такое ўсё народнае. А яшчэ на чорнай камеры быў белы магніцік, на якім было напісана ручкай «шасцёрка».
На тое, што Алесіна сукамерніца — так званая «качка», паказвала яшчэ тое, што ў яе матрас быў скручаны не па правілах, а на заўвагу назіральніка яна адказала: «Мне дазволена». Па вызваленні, калі Алеся распавядала пра гэтую жанчыну дзяўчатам, якія намагаліся перадаць ёй перадачу, яны зазначылі, што бачылі кабету, што спрабавала прайсці ў ІЧУ і называла сябе «міліцыянерам пад прыкрыццём».
Алесю збіралася сустракаць, пэўна, паў-Полацка, таму дзяўчыну выпусцілі з ІЧУ раней за тэрмін. Але ў выніку яе ўсё роўна знайшлі мясцовыя актывісты і зладзілі ёй цёплую сустрэчу, дзяўчына ім вельмі ўдзячная.
— Я дзякую ўсім і нават не ўяўляю, якая сетка людзей яшчэ была за тымі, каго я бачыла, — гаворыць Алеся.Яна зазначае, што перажыты ёй досвед аказаўся не такім страшным, і ўпэўненая, што беларускі народ пераможа, сведчанне таму — агромністая хваля салідарнасці, якая накрыла яе пасля вызвалення.
— Як бы цяжка ні было, гэта ўсё патрэбна для беларусаў, бо мы былі ўсе замкнёныя, сядзелі ў сабе са сваім хутаранствам, думалі нешта пра суседа, а потым ён аказваецца тым, хто можа табе дапамагчы.