Глеб Лабадзенка: Беларусь. Будзьма цмокамі!
Вы, вядома, чулі, што ў Лепелі адкрылі помнік Цмоку? Сітуацыя для Беларусі фантыстычная. Краязнаўца Валацуга (Уладзімір) Шушкевіч захапіўся гэтай ідэяй, бо Лепельскага Цмока ўславіў яшчэ вялікі Караткевіч, ды і ўвогуле гэта вельмі вядомая легенда.
Цмок у Лепелі
Вольга Маханенка, якая кіруе ў Беларусі праграмай Еўразвязу “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце” падтрымала ідэю — і ў выніку быў вылучаны грант на 3000 еўра, што пайшло на аплату працы скульптара і неабходныя матэрыялы. Лепельскі райвыканкам вылучыў 100 мільёнаў рублёў уласна на адліўку скульптуры. І вось вам цуд — на беразе Лепельскага возера зьявіўся Цмок!
Колькі было крыкаў з гэтае нагоды!.. Праваслаўная царква вішчэла, што ставяць помнік д’яблу. Ветэраны патрабавалі ўшаноўваць вартых ураджэнцаў гораду, а не цмокаў усякіх. Некаторыя казалі, што нармалёвай дзіцячай пляцоўкі ў горадзе няма — а яны помнік Цмоку ставяць!
Што, вы думаеце, зрабілі лепельскія ўлады? Дзіцячую пляцоўку! Якую ўрачыста адкрылі на Дзень горада. І тым часам не адмовіліся ад ідэі адкрыць помнік Цмоку.
…Сам я падсеў на тэму цмокаў з год таму. Кампанія “Будзьма беларусамі!” (budzma.org) вырашыла вярнуць незаслужана забытага казачна-міфалагічнага цмока ў сучасны кантэкст. І зрабіць яго, поруч з зубром і буслам, нашым турыстычным сімвалам. Хоць бы на ўзор Лох-Нэскага чудзішча!
Калі вы думаеце, што гэта ўсё бздура, якую мы самі сабе выдумалі, то не. Напрыклад, доктар тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая налічыла ажно 9 відаў беларускіх цмокаў, у тым ліку адну “цмачыху”! А дасьледчык з Гомелю Андрэй Скідан нават паведаміў, што ў Статуце ВКЛ быў артыкул “У абарону цмокаў”!
Я доўга думаў сам для сябе, што гэта за ён — Цмок?
Падказку даў адзін мілы дзед зь вёскі Гогалеўка пад Новалукомлем. Побач зь іх вёскай ляжыць у лесе Зьмееў камень, які менавіта пад такой назвай унесены ў дзяржаўны Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Валун — адзін з самых вялікіх у краіне: 12 метраў у даўжыню, 4,5 у вышыню. І гэта тое, што над зямлёй.
Дык вось, той дзед на пытанне “а якая ў вас тут легенда з Цмокам зьвязаная?” ажно пакрыўдзіўся: “Якая легенда?! Мой бацька таго Цмока яшчэ добра памятаў!” Дзед быў цьвярозы і казаў на поўным сур’ёзе!
Ён апавёў, што ў тым валуне жыў асілак, якога звалі Цмокам (Зьмеем). Які меў вала, апрацоўваў зямлю, збудаваў хлявы і лазьню. Але калі пагражала небясьпека, то абарочваўся цераз сябе, у яго вырасталі крылы — і зьяўлялася неверагодная моц.
Падумалася: вось ён, беларус маёй мары! Ня проста рахманы і памяркоўны. А здольны даць адпор пры патрэбе! Такі, якімі былі нашыя продкі — героі паўстаньня Каліноўскага, героі Аршанскай бітвы і Грунвальду!..
…У пошуках Цмока мы з фатографам Аляксандрам “Таранцінам” Ждановічам аб’ехалі за гэта лета больш за 7000 кіламетраў. Знайшлі адзіную ў Беларусі пячору на беразе возера Гінькава. Пабачылі на свае вочы зуб беларускага маманта вагою 4 кілаграмы. Пабывалі ў пахавальні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Засьпелі за сьняданкам статак у 57 зуброў. Даведаліся, хто раскалоў адзін з самых здаровых беларускіх валуноў. Паспрабавалі ўлезьці ў 5000-гадовыя шахты пад Ваўкавыскам.
Ці знайшлі мы Цмока? Прагледзьце рэпартажы і памяркуйце самі.
А яшчэ лепей — знайдзіце час і павандруйце. Пабачце, колькі ў нас усяго вартага і цікавага! І, магчыма, стоячы на мінус другім падземным паверсе палаца Сапегаў у Ружанах, вы адчуеце, што цмок недзе побач. І пачнеце шукаць яго ў сабе.