Гродна: акцыя-перформанс дзеячаў мастацтва

Гродзенскія мастакі выказалі свой пратэст таму, што адбываецца ў Беларусі. Яны правялі акцыю-перформанс, дзе цытаты з Бібліі яны перамежавалі сваімі творамі, чым выказалі сваё стаўленне да існуючай сітуацыі.

d3_v_833x400.jpg

Пра акцыю распавядае Радыё Рацыя яе куратар, гродзенская дызайнерка Ірына Варкулевіч:

Мы зараз жывём у незвычайны час, які аб’яднаў усе нацыі, аб’яднаў у змаганні з чалавекам, які сінімі пальцамі ўчапіўся ў крэсла ўлады. Мы ўсе ў шоку ад тэрору, які немагчымы ў адносінах да мірнага насельніцтва. Усе творчыя людзі, усе мае сябры, гэта мастакі, фатографы, журналісты, архітэктары, мы мірныя, законапаслухмяныя людзі, мы павінны штосьці рабіць. І мы вырашылі сказаць “НЕ!” гэтаму. Зразумела так, як гэта мы ўмеем гаварыць, — у мастацкай форме.

На думку мастака Сяргея Грыневіча гэтая акцыя — падтрымка ўсім хто змагаецца з рэжымам.

Ідэя праекта належыць Ірыне Варкулевіч. Мы безумоўна пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтым праекце. Гэта шэсць мастакоў, якія захацелі ў такой артыстычнай форме выказаць свае “НЕ!” гэтаму бясчынству, якое адбываецца ў нашай краіне. Мы супраць гвалту, які адбываецца над усім народам. Ну і ў падтрымку ўсім, хто змагаецца з рэжымам.

Відэа з гэтым перформансам за некалькі гадзін праглядзела больш за некалькі тысяч гледачоў і яшчэ некалькі сотняў пашырылі па сваім старонкам у сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё Рацыя