Улада ў аблозе. Найважнейшае за 4 верасня
Раней казалася пра тое, што нашая ўлада жыве ў рэжыме крэпасці, якую ворагі ўзялі ў аблогу. Але казалася гэта пра міжнароднае становішча: маўляў, у нас навокал ворагі, і няма ніводнага сябра. Але цяпер бачна, што уладу ў аблогу ўзяў народ, і яна мітусіцца, не ведаючы, што рабіць.
Напрыклад, аж Генеральная пракуратура застрашвае бацькоў, што пераводзяць сваіх дзяцей на хатняе навучанне, пастаноўкай іх у «сацыяльна небяспечнае становішча». Але, па-першае, для такой пастаноўкі таксама трэба нешта большае, чым ненаведванне школы. А па-другое, калі ўлада сама ў краіне «перамогшай covid» абвяшчае санітарныя захады (напрыклад, забарону масавых мерапрыемстваў) для прадухілення захворванняў — любы можа спаслацца на небяспеку наведвання дзіцём навучальнай установы.

Студэнты ў фае МДЛУ праспявалі «Марсельезу». У адказ туды ўварвалася міліцыя. Адміністрацыя навучальнай установы не зрабіла нічога, каб перашкодзіць дзеянням сілавікоў. У адказ выпускнікі вну адракліся ад сваёй «альма-матэр». А беларускаму Мінадукацыі, што марыла пра Балонскі працэс, прыйдзецца з гэтымі марамі развітацца.

На марш пратэсту выйшлі айцішнікі. На іх таксама палявалі сілавікі, але высветлілася, што «кампутарныя геніі» бегаюць значна лепш за праваахоўнікаў. У чарговы раз сілавікі пахапалі старонніх людзей.
Студэнты масава пішуць заявы на выхад з БРСМ. А з афіцыйных прафсаюзаў масава сыходзяць працоўныя. Каардынацыйная рада ў супрацоўніцтве з незалежнымі прафсаюзамі Беларусі абвясціла аб стварэнні ініцыятывы «Прафсаюз Online», асноўная мэта якой — аблегчыць ўступленне наёмных работнікаў у прафсаюзныя арганізацыі, альтэрнатыўныя дзяржаўным.

Між тым, сітуацыя ў краіне пагаршаецца. Мы пакуль нават не асэнсоўваем, наколькі яна складаная, — толькі ведаем: банкі ўжо не даюць крэдытаў, у абменніках узніклі складанасці з наяўнай валютай. А ўлады, якія, напэўна, ведаюць значна больш, ужо папярэджваюць пра незаконнасць «шэрага» валютнага рынку.
Напэўна, хутка (мажліва, вельмі хутка) у краіне ўзнікнуць глабальныя праблемы з валютай.