Дзякуй тым, хто ўжо 10-15-20 гадоў таму адстойваў нашы правы
Ладар гурта J:МОРС прэзентаваў песню «Даруй»,
словы і музыку да якой напісаў сам.
— Паток зла і несправядлівасці, які выклікае ў нас лютасць, боль і страх, узяў свой пачатак не ўчора. Усё гэта адбывалася ў краіне і раней, — напісаў Уладзімір Пугач. — Проста размазвалася па часавай восі, часам — гусцей, часам — да празрыстасці. У беларусаў высокі болевы парог. Мы і сапраўды спакойныя і цярплівыя людзі. Спатрэбіліся дзесяцігоддзі, каб падняць галовы і зладзіць пераклічку нацыянальнага маштабу. Доўга запрагаем, але, крануўшыся з месца, не спынімся.
Наўрад ці цяпер стануць думаць, адчуваць і паступаць інакш Дзяніс Дудзінскі, Дзіма Кохно і многія, многія іншыя, вярнуўшыся да нас. Не перастануць сумленна выконваць сваю працу затрыманыя журналісты.
І ўсё гэта не раптам. Нізкі паклон тым, хто ўжо дзесяць, пятнаццаць і дваццаць гадоў таму знаходзіў у сабе сілы, перамагаючы страх, рызыкуючы і ахвяруючы сабой, адстойваць нашы правы. Дзякуй вам і прабачце, што так доўга вас даганялі.