МУС Беларусі ўжо ваюе з (пакуль) неіснуючым «шэрым» валютным рынкам
МУС Беларусі актыўна перасцерагае грамадзян ад здзяйснення здзелак куплі-продажу валюты на платформах, стварэнне якіх абмяркоўваецца ў мэсанджарах і сацсетках.
Па-сутнасці, гаворка ідзе пра стварэнне віртуальных абменнікаў, якія не здзяйсняюць якія-небудзь аперацыі, а дапамагаюць людзям абмяняць валюту без пасярэднікаў па дамоўным курсе. Гэта ўжо было ў часы фінансавага крызісу 2011 года, і ўсім дагэтуль памятны сайт «prakapovi.ch»
«Згодна з заканадаўствам, валютна-абменныя аперацыі з удзелам фізічных асоб могуць здзяйсняцца толькі ў банкаўскіх установах, якія маюць спецыяльны дазвол (ліцэнзію), які выдаецца Нацыянальным банкам Беларусі. Ажыццяўленне валютна-абменных аперацый паміж фізічнымі асобамі забаронена», — гаворыцца ў апрылюдненым паведамленні МУС Беларусі.
«Скупка, продаж, абмен замежнай валюты без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) або дзяржаўнай рэгістрацыі, замах на такія парушэнні караюцца штрафам ад 50 да 150 базавых велічынь з канфіскацыяй... здзяйсненне гэтых дзеянняў паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання пацягне накладанне штрафу ад 150 да 200 базавых таксама з канфіскацыяй», — нагадвае міліцыя.
Застаецца толькі здагадвацца, наколькі бессэнсоўнай і бескарыснай выглядае гэтая пужалка ў цяперашні час пры наяўнасці велізарнай колькасці разнастайных сэрвісаў, якія дазваляюць здзяйсняць падобныя аперацыі, не выходзячы з дому.
Таксама варта задумацца: а ці не ведае кіраўніцтва МУС больш за нас? Мажліва, яны такім чынам рыхтуюцца да маштабнага крызісу, які, сыходзячы з іх заяваў, распачнецца неўзабаве, вось-вось?
Паводле АФН