Хроніка рэпрэсій: Ігар Леднік, Сцяпан Латыпаў, Рыгор Кастусёў і прафсаюзныя актывісты

У Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні, а таксама ціск на палітычных зняволеных.

janganlah_memaksa.jpg


14 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў не выходзяць на сувязь, паведамляе «Салідарнасць».

Паводле папярэдніх звестак на 10: 30, гэта Яна Малаш, Віталь Чычмараў, Ганна Дусь, Аляксандр Бухвостаў, Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч, Зміцер Бародка, Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Мікалай Шарах, Ірына Бут-Гусаім, Міхаіл Громаў, Вадзім Пайвін, Юрый Белякоў. Гэта лідары і актыў БКДП і  прафсаюзаў,якія ўваходзяць у яго — СПМ, СПБ, РЭП.

18 красавіка быў затрыманы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у Барысаве Ігар Леднік. Тэлеграм-канал БСДП паведамляе пра гэта толькі цяпер. Па словах партыйцаў, да дома Ледніка пад'ехала машына з гродзенскімі нумарамі. Прычыны затрымання ўдакладняюцца.

Ігар Леднік ужо двойчы прыгаворваўся да адміністрацыйнага арышту. Ён інвалід другой групы, мае праблемы з сэрцам.

Палітвязня Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калоніі «Воўчыя норы», у лютым змяшчалі ў ШІЗА на 27 сутак. За пяць месяцаў ён правёў у ШІЗА агулам 32 дня, піша REFORM.by.

Са слоў сваякоў, дакладныя на Сцяпана пішуцца па надуманых прычынах. Палітвязня каралі нават за тое, што ён выконваў загад аднаго афіцэра, у той час як іншы расцаніў гэта як парушэнне.

«У мяне ўжо 32 дні [праведзеных у ШІЗА] з пачатку года — на дадзены момант гэта рэкорд, больш [ніхто] столькі тут не адседжваў — нават бывалыя зэкі, у іх вочы на лоб вылазяць: “Колькі ж можна катаць, чо ты такога зрабіў?” Нават тых, хто скраў мільёны і не прызнаецца дзе, катаюць паменш. Але, у прынцыпе, нармальна, я трымаюся, таму што выходжу і даволі хутка аднаўляюся цяпер», — прыводзяць блізкія фрагмент ліста Сцяпана.

Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай — гэтым разам да 12 чэрвеня, паведамляе Еўрарадыё. Кастусёў напісаў родным, што ніякіх следчых дзеянняў з ім не праводзяць.

Старшыня Партыі БНФ знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за год. Яго затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года ў Шклове, у той дзень ён мусіў дапамагчы ўнучцы з урокамі. Адначасова ў Маскве былі затрыманыя палітолаг Аляксандр Фядута і юрыст Юрый Зянковіч. Усіх траіх абвінавачваюць у «змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, нібыта Кастусёў, Фядута і Зянковіч рыхтавалі замах на Лукашэнку.

У зняволенні ў Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне. Праз вялікую колькасць лекаў у яго пачаліся праблемы з ныркамі. Але ўсе хадайніцтвы з просьбай змяніць яму меру стрымання былі адхіленыя.