Аляксандра Фядуту і яшчэ 7 чалавек прызналі палітвязнямі
У Беларусі палітвязнямі прызнаныя яшчэ 8 чалавек. Сярод іх — палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута, які знаходзіцца за кратамі больш за год і пакутуе на цяжкія хранічныя захворванні.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у дачыненні да яго практычна не праводзяцца следчыя дзеянні, у сувязі з чым «заключэнне пад вартай да судовага разбору з'яўляецца залішнім з пункту гледжання забеспячэння інтарэсаў расследавання і яўкі ў суд і можа быць заменена на іншыя меры, якія забяспечваюць правамерныя інтарэсы», паведамляе REFORM.by.
Таксама ў статусе палітвязняў прызнаныя Уладзімір Гундар, Павел Кучынскі, Яўген Клімаў, Сяргей Санюта, Святаслаў Шубіч, Алег Нічыпорка і Аляксей Храловіч.
Нагадаем, Аляксандра Фядуту затрымалі вясной 2021 года ў Маскве. Ён з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» і ўтрымліваецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Таксама па гэтай справе былі затрыманыя Рыгор Кастусёў, Юрый Зянковіч, і Вольга Галубовіч. Фігурантамі справы з’яўляюцца Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Ігар Макар.
Фядута, Зянковіч, Кастусёў і Галубовіч знаходзяцца ў СІЗА, да астатніх Генпракуратура завочна ўжыла меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Таксама паведамлялася, што Беларусь накіруе запыты аб экстрадыцыі Ігара Макара і Віталя Макаранка ў Літву і Украіну.
Усяго ў Беларусі палітвязнямі прызнаныя 1135 чалавек.