Ігар Кузняцоў: У Беларусі плануецца стварыць лагеры для адсялення. Такога тэрміну ў ГУЛАГУ не было

Даследчык сталінскіх рэпрэсій, гісторык Ігар Кузняцоў расказвае Свабодзе, як і для каго ствараліся спецлагеры на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чаму цяперашнім сілавікам варта пацікавіцца лёсам сваіх папярэднікаў у ГПУ, НКВД, МГБ, і чым цяперашняя сітуацыя кардынальна адрозніваецца ад сталінскіх часоў.

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў

Пра лагеры ў БССР

— Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога нагадвае голас намесніка міністра ўнутраных спраў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова, які расказвае пра планы стварыць спецлагер для бестэрміновага адсялення асобаў, якія паўторна ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту. Гэты лагер плануецца стварыць на базе папраўчай калоніі № 22 у г. Івацэвічы, так званых «Ваўчыных нор». Якія гістарычныя паралелі вам прыгадваюцца?
— Трагічныя гістарычныя паралелі, бо ў лістападзе 2020 года споўнілася роўна 100 гадоў, як было прынята рашэнне аб стварэнні ў Мінску лагера прымусовых працаў. Трэба ўспомніць падзеі 1920-х гадоў, калі быў прыняты дэкрэт «Аб чырвоным тэроры», потым дэкрэт «Аб лагерах прымусовых працаў», калі прымалася рашэнне аб стварэнні ў кожным губернскім горадзе лагера прымусовых працаў напаўняльнасцю не менш за 300 чалавек. Магло быць і 3 тысячы, і 30 тысяч, але не менш за 300 чалавек. Гэтымі нарматыўнымі дакументамі пачалося фармаванне будучай сістэмы ГУЛАГу. Характэрная асаблівасць — гэтыя лагеры павінны былі быць на самаакупнасці.
Для мінскага лагера прымусовых працаў былі вызначаныя пяць катэгорый людзей, якія туды траплялі — прадстаўнікі буржуазных класаў, якія не хацелі працаваць на савецкую ўладу, гэта і дармаеды, і спекулянты, і дэзерціры. Мінула 100 гадоў, і ў 21 стагоддзі вырашылі да гэтага вярнуцца. Але з'явілася новая катэгорыя. У Беларусі плануецца стварыць лагеры для адсялення. Такога тэрміну ў ГУЛАГУ не было.
— З Беларусі збольшага вывозілі ў ГУЛАГ, а ці шмат было лагераў ці спецпасяленняў на тэрыторыі БССР?
— Я б хацеў зняпраўдзіць міф, які ўпарта ўводзяць у свядомасць. Першая асоба дзяржавы сказала некалькі гадоў таму, што лагераў на тэрыторыі Беларусі не было, што расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі ў перыяд рэпрэсій не было. Усіх этапавалі кудысьці далёка. Я хачу прывесці даныя ўжо памерлага даследчыка, палкоўніка міліцыі Шаркова, доктара навук, які ў архіве МУС збіраў звесткі, і я на падставе ягонай манаграфіі склаў табліцу, з якой прывяду наступныя лічбы, каб цалкам разбурыць міф, што на тэрыторыі Беларусі нічога не было.
Паводле даных на 1940 год на тэрыторыі Беларусі было 33 турмы і 24 папраўча-працоўныя лагеры. З іх тры лагеры для непаўналетніх, былі прамысловыя лагеры, лагеры для сельгаспрацаў і нават лагеры абароннага будаўніцтва. Так званую «Лінію Сталіна» будавалі таксама зняволеныя. Я ўжо не кажу, колькі нашых землякоў было этапавана на поўнач Расіі, на Калыму, Далёкі Усход, у Казахстан, Сібір.

Пра пераемнасць сілавых структураў


— У чым пераемнасць цяперашніх прадстаўнікоў сілавых структураў са сталінскімі?
— Падавалася б, розныя эпохі — 1920–30-я гады XX стагоддзя і цяпер. Мне часам кажуць: навошта параўноўваць 1937 год і 2020, гэта непараўнальна. Не. Тое, што адбылося ў нас пасля 9 жніўня, трэба параўноўваць. Я параўноўваў ад моманту арышту тое, што рабіла ГПУ ў 1930-я гады, і тое, што адбывалася ў нас. Паводле шэрагу параметраў я прыйшоў да высновы, што, як ні дзіўна (жудасна будзе гучаць), НКВД выконваў пэўныя працэдуры. Падчас арышту не збівалі, калі чалавек не аказваў супраціў.
Пераемнасць — у свядомасці. КДБ пакінуў свайго Фелікса Дзяржынскага. МУС калісьці ўваходзіў у склад НКВД. Гэта структуры, якія нібыта шмат разоў трансфармаваліся, мяняліся, пакаленні іншыя прыходзілі, але формы і метады, на жаль, засталіся.
Калі я сёння гэтую навіну пачуў, то падумаў, што гэта фэйк, што такога не можа быць, што не можа чалавеку ў званні палкоўніка міліцыі ці КДБ нават думка такая ў галаву прыйсці — сваіх суайчыннікаў ізаляваць без усялякіх падставаў. Фактычна мы прыходзім да пазасудовай працэдуры. Нават за сталінскім часам пазасудовая працэдура прымала нейкую законную форму бачнасці — дырэктыва, пастанова. Цяпер на нейкай службовай нарадзе па званку ці па камандзе зверху можна стварыць і лагер. Сёння лягер для адсялення, а заўтра — канцэнтрацыйны лагер.
— Давайце нагадаем пра лёс выканаўцаў загадаў улады ў часы сталінскіх і ленінскіх рэпрэсій, пра лёс кіраўнікоў ГПУ, НКВД, КДБ, МУС.
— Цяперашнія кіраўнікі не чыталі нічога ці забылі пра гэта. З 1918 года да смерці Цанавы ў 1953 годзе было 15 кіраўнікоў органаў дзяржбяспекі, з іх лёс толькі аднаго невядомы. Гэта старшыня ЧК у 1920–21 гадах. Цанава памёр пры нявысветленых абставінах у турме, астатнія 13 кіраўнікоў былі расстраляныя ў перыяд 1938–1939 гадоў. Гэты трагічны ўрок цяперашняе кіраўніцтва не засвоіла. Не трэба толькі думаць, якая была справядлівая савецкая ўлада — дапусцілі памылкі і іх пакаралі. Іх расстралялі не за тыя злачынствы, што яны зрабілі, не за арганізацыю масавых рэпрэсій. Іх расстралялі як сведак тых злачынстваў, у якіх яны ўзялі ўдзел і саўдзел. Цяперашнія таварышы з дзяржбяспекі любяць прыводзіць лічбу, што больш за 20 тысяч у СССР чэкістаў сталі ахвярамі. Яны сталі не ахвярамі, яны былі катамі і пасля 1937–38 гадоў замяталі сляды. Але не было Нюрнбергу-2 над сталінізмам. Ніхто не быў асуджаны за канкрэтныя злачынствы. Іх забівалі як шпіёнаў, за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Ці трэба шукаць карані Акрэсціна ў Курапатах


— Курапаты — самае масавае месца расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі. Па маіх падліках, такіх месцаў на тэрыторыі Беларусі — каля 115. Вакол Мінска малых і сярэдніх курапатаў — парадку 14. Гэта ўсе тады было закладзена. Калі б мы цяпер былі ізаляваныя ад усяго свету, то я перакананы, што пасля 9 жніўня вазілі б многіх не на Акрэсціна, а ў Курапаты. І гэта дзякуючы супраціву, які сёння існуе, дзякуючы таму, што мы не ізаляваныя, як Паўночная Карэя. У 1937–38 гадах у асноўным расстрэльвалі, а сёння іншыя формы — катаванні і здзекі ў дасудовым парадку.
— Як гісторык у чым вы бачыце розніцу паміж сучасным грамадствам, якое спрабуюць адправіць у гэтыя лагеры, і тым савецкім?
— Я спрабаваў знайсці адказ, ці быў супраціў сталінскаму рэжыму ў 37–38 гадах. З таго, што я мог знайсці пра адкрыты супраціў савецкай уладзе, гэта было меней за 1 працэнт людзей у сярэдзіне трыццатых гадоў. Ні пра які рэальны супраціў размовы не магло ісці. Пазней былі дысідэнты, але таксама дзясяткі і сотні людзей. Тое, што мы цяпер пабачылі ў Беларусі, — гэта масавы народны пратэставы рух. І ён не спыніўся, толькі змяніў свае формы. І не трэба забываць, што ў нас засталіся гены партызанаў і падпольшчыкаў.