Івашын, сям’я Лосікаў, Зельцэр. Рада БНР узнагародзіла 16 беларусаў
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла пра чарговыя ўзнагароджаньні мэдалём Ордэну Пагоні. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады на афіцыйным сайце.
Паведамляецца, што старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падпісала адпаведны дэкрэт. Узнагароджаныя гэтым разам будуць 16 беларусаў, некаторыя – пасмяротна.
Мэдаль Ордэну
Пагоні атрымаюць палітзняволеныя Кацярына Андрэева (Бахвалава), Мікалай
Аўтуховіч, Уладзімер Гундар, Дзяніс Івашын, Уладзімер Лабковіч, Дар’я Лосік, Ігар
Лосік, Эдуард Пальчыс, Валянцін Стэфановіч, Дар’я Чульцова (ужо на волі, бо
тэрмін скончыўся), Паліна Шарэнда-Панасюк.
Пасьмяротна
мэдалём Ордэна Пагоні ўзганароджаныя загінулыя на вайне ва Украіне
дабраазвотнікі Аляксей Аўдзеенка, Эдуард Лобаў, Алег Панамароў і Міхась
Шавельскі.
Таксама абвешчана
пра пасмяротнае ўзнагароджанне Андрэя Зельцэра — мінскага айцішніка, які ў
верасні 2021 года забіў у перастрэлцы супрацоўніка КДБ. Той з групай захопу ўварваўся
ў кватэру Зельцэра, выламаўшы дзверы, а гаспадар даў лукашэнкаўцам адпор.
«Сёньня мы ўжо ў другі раз абвяшчаем пра ўручэньне мэдаля Ордэну Пагоні, асноўнай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, — распавяла старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. — Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны.
Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыцьцём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасьці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу.
Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькі нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасьць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасьць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадзкую або журналісцкую дзейнасьць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызваленьня іх і ўсіх беларускіх палітычных вязьняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы».
Мэдаль
Ордэну Пагоні быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэньня грамадзянскіх,
ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларусьсю. Першае
ўзнагароджаньне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022
года.