«Я ўцякала: ратуйце, міліцыя! Яны дагналі: мы і ёсць міліцыя». Пенсіянерку аштрафавалі за БЧБ-шалік

62-гадовая Зінаіда Смірнова 26 красавіка вярталася дадому з могілак. Жанчына ішла міма Курапатаў з абматаным вакол паясніцы шалікам, які ёй звязала яе матуля некалькі год таму. У гэты момант за ёй пачалі гнацца невядомыя, піша «Вясна».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Зінаіда ад страху стала ад уцякаць ад невядомых людзей:

— Я пачала ўцякаць з крыкамі «Ратуйце, міліцыя!». Яны дагналі, схапілі і сказалі, што яны і ёсць міліцыя.

У Савецкім РУУСе на Смірнову склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі яе ў адзіночным пікетаванні па вуліцы Мірашнічэнкі шляхам размахвання БЧБ-шалікам транспарту, які праязджаў міма, а таксама выкрыквання «Жыве Беларусь!».

31 траўня над пенсіянеркай прайшоў судовы працэс, які вяла суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч.

На пытанне суддзі, чаму жанчына пачала ўцякаць, Смірнова адказала: «Я не ведала, хто гэта, на мяне ж не кожны дзень нападаюць».

Зінаіда Дзмітрыеўна сцвярджае, што не крычала лозунг «Жыве Беларусь», бо замест гэтага крычала толькі «Міліцыя, дапамажыце».

Высветлілася, што пенсіянерку затрымлівалі супрацоўнікі АМАПа. Са слоў сведкі вынікае, што нехта паведаміў у міліцыю пра тое, што па трасе ідзе жанчына і размахвае БЧБ-шалікам. Але ў пратаколе агляду напісана, што «аб'ектам агляду з'яўляецца шалік, завязаны на паясніцы Смірновай». Шалік з жанчыны ўсё ж такі знялі, каб яго сфатаграфаваць.

Важна адзначыць, што на самой справе шалік проста мае белы і чырвоны колеры, але ён не ў БЧБ-расфарбоўцы: на кожным краі белага шаліка было па тры чырвоныя палоскі рознай таўшчыні.

️Суддзя Жуковіч усе ж такі вырашыла даверыцца паказанням сведкі-міліцыянта, таму прызнала Зінаіду Смірнову вінаватай і аштрафавала яе на 870 рублёў (30 базавых).