Як мусіць выглядаць інаўгурацыя. Найважнейшае за 27 верасня
У адказ на «патаемную інаўгурацыю» Лукашэнкі беларусы зладзілі «рэпетыцыю інаўгурацыі Святланы Ціханоўскай». Нягледзячы на фактычна перакрыты Мінск, у ёй прынялі ўдзел больш за 100 тысяч чалавек.
Нягледзячы на перашкоды, людзі прайшліся па праспекце Незалежнасці і па вуліцах сталіцы. Але сталіцай, зразумела, справа не абмежавалася. Народ выйшаў на вуліцы рэгіёнаў. У Гомелі сілавікі ўжылі спецсродкі, у Брэсце, які да гэтага вызначаўся жорсткімі затрыманнямі, наадварот, было даволі ціха. Акцыі прайшлі ў Навагрудку, Жабінцы, Лідзе і шмат дзе яшчэ.
Геаграфія пратэстаў даволі шырокая. Народ у чарговы раз паказаў пакуль дзейснай уладзе: усю краіну не «закрыеш». Дарэчы, і цікава, чаму ў раней больш-менш спакойным Гомелі сілавікі дзейнічалі жорстка, а ў «жорсткім» Брэсце ўсё прайшло нармальна? Можа быць, ва ўлады засталося толькі адно такое спецпадраздзяленне, якое і перакідаюць з горада ў горад?
Відавочна, Лукашэнка павінен кусаць локці. Яму ў чарговы раз прадэманстравалі: ён больш не лідар Беларусі, нягледзячы на «патаемную інаўгурацыю». Калі на тваю інаўгурацыю звозяць сілавікоў, а сам ты вымушаны падманваць нават сваіх прыхільнікаў, не абвяшчаючы нагоду для збору, а ў твайго апанента на інаўгурацыю добраахвотна прыходзіць сто тысяч людзей толькі ў Мінску і яго «інаўгурацыю» святкуе ўся краіна — хто боль легітымны ў вачах народа?
Лукашэнка сапраўды застаўся «прэзідэнтам АМАПу». Але ён не можа не разумець — АМАП з ім да тых часоў, пакуль ён яму плаціць. Але грошы маюць адну непрыемную ўласцівасць — колькі б іх не было, з часам яны заканчваюцца.
Што не скажаш пра народны імпэт. У грамадства імпэт і прага да дзеянняў — велічэзная. Бо не толькі ж вулічнымі акцыямі жыве Беларусь.
Напрыклад, зварот супраць гвалту запісалі беларускія дзіцячыя пісьменнікі. Яны выступілі з патрабаваннямі аднавіць закон — у той час як грамадзянін Лукашэнка нядаўна ў пракуратуры, наадварот, заклікаў на закон не зважаць.
А Ксенія Раманава — уладальніца і дызайнер брэнда KSENIYA ROMANOVA, удзельніца Belarus Fashion Week і яе каманда ў жніўні запусцілі продаж дабрачынных футболак Brave Hearts. А цяпер — калекцыю з выявамі Ніны Багінскай і «дыджэяў перамен».
Аплату пакупнікі пераводзяць у фонды салідарнасці і падтрымкі пацярпелым на акцыях і страйкоўцам.