Ярмошына: Спадзяюся, на мяцовых выбарах будзе не вельмі сумна

Цяперашняя Выбарчая кампанія не будзе гэтакай актыўнай, як выбары агульнанацыянальныя, паколькі гэта хоць і адзіны дзень галасавання, але гэта — выбары мясцовыя, падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.



jarmoshina.jpg

У эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» вечарам 9 лютага чыноўніца адзначыла, што па ўсіх акругах на выбарах у Мінскі гарсавет «ёсць рэальная альтэрнатыва». Дастаткова шмат кандыдатаў, па яе словах, вылучаюцца і ў абласныя саветы.

«Мы бачым рэальную альтэрнатыву. Я спадзяюся, што выбарнікам не будзе вельмі сумна», — сказала кіраўнік ЦВК.

Адказваючы на пытанне, навошта ідуць у дэпутаты мясцовых саветаў, Лідзія Ярмошына заявіла: «У дэпутаты ідуць тыя, каго папрасіў соцыум. Акрамя гэтага, ёсць частка людзей, я думаю гэта ў асноўным прадпрымальная моладзь, якая думае аб будучай кар'еры».

Каментуючы меркаванне аб тым, што мясцовыя саветы — перажытак савецкага мінулага і што ў сучасных эканамічных і палітычных рэаліях яны малаэфектыўныя, кіраўнік ЦВК заявіла: «Муніцыпальныя органы, органы мясцовага самакіравання ёсць у любой краіне. Мы ўжо казалі пра гэта не раз. Як павысіць ролю саветаў? Тады трэба забраць паўнамоцтвы ад выканаўчай улады. У гэтым выпадку мы адразу атрымаем падзел на бедных і багатых. Гарады, якія ў нас называюцца рэцыпіентамі, будуць гібець, гэта будуць гарады, якія паміраюць. Гарады і саветы, якія цяпер донары, будуць квітнець. Я не ведаю, ці гатовыя мы да з'яўлення рэгіёнаў-банкрутаў. Я думаю, не. Існуючая сістэма адлюстроўвае тыя эканамічныя рэаліі і, напэўна, сацыяльныя, у якіх існуе наша грамадства».

10 лютага — апошні дзень вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. 

Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, на 7 лютага, кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў вылучаны 16.754 чалавекі. 

З партый найбольш актыўна кандыдатаў у дэпутаты вылучае Камуністычная партыя Беларусі — 176 чалавек. 86 кандыдатаў вылучыла Ліберальна-дэмакратычная партыя, 30 — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, 17 — Аб'яднаная грамадзянская партыя, 15 — Беларуская партыя левых „Справядлівы свет”, 8 — Партыя БНФ, 3 — Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, аднаго — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). 

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў будзе праходзіць з 11 па 20 лютага ўключна.

belsat.eu