Брэсце. Спіс месцаў, забароненых для збору подпісаў, апублікавалі за чатыры дні да заканчэння збору подпісаў
Сама меней дзіўным лічыць старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі той факт, што ў Брэсце спіс месцаў, забароненых для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў, апублікаваны за чатыры дні да заканчэння збору подпісаў.
Пра гэта палітык заявіў БелаПАН, удакладніўшы, што 6 лютага ў газеце "Брестский вестник", заснавальнікам якой з'яўляецца Брэсцкі гарвыканкам, апублікавана рашэнне № 202 гарвыканкама ад 30 студзеня 2014 года аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Гэта рашэнне набыло моц пасля яго апублікавання.
Пры гэтым на падставе пастановы ЦВК збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, праводзіцца з 12 студзеня па 10 лютага ўключна.
Як дапоўніў Маслоўскі, яму вядома, што перад пачаткам збору подпісаў у гэтай выбарчай кампаніі былі ўнесены змяненні ў аналагічнае рашэнне Брэсцкага гарвыканкама ад 2010 года. Пры гэтым пералік
забароненых месцаў для збору подпісаў так і не быў апублікаваны.
"Новае рашэнне ад 30 студзеня я б назваў больш дэмакратычным. У ім выключаны з ліку забароненых месцаў для збору подпісаў цэнтральныя вуліцы горада. Шкада толькі, што такі "разгул
дэмакратыі" ўлады далі ўсяго на чатыры дні", — рэзюмаваў Маслоўскі.
Ларыса Шыганава, БелаПАН