Каранавірус ужо перамаглі? Мінздароўя адмяняе абавязковы масачны рэжым
Міністэрства аховы здароўя вырашыла адмяніць абавязковы масачны рэжым.

Міністэрства аховы здароўя адмяніла абавязковы масачны рэжым, які быў уведзены 9 кастрычніка. Адпаведная пастанова ведамства апублікавана на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цяперашняе ўдакладненне патрабаванняў Міністэрства аховы здароўя «падрыхтавана з мэтай сістэматызацыі патрабаванняў да правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў афіцыйным каментары міністэрства ў іх афіцыйным тэлеграм-канале.
Цяпер з санітарных нормаў выключаны пункт, які абавязваў людзей насіць маскі і вытрымліваць дыстанцыю ў грамадскіх месцах: «Выключана патрабаванне да абавязковасці выкарыстання фізічнымі асобамі сродкаў індывідуальнай абароны пры наведванні аб'ектаў, арганізацый, аўтамабільнага, за выключэннем аўтамабіляў асабістага карыстання, паветранага, воднага, чыгуначнага транспарту, уключаючы метрапалітэн».