Класкоўскі: «Для рэжыму вымалёўваецца няпростая задача»

«Мінск, які памнажае цяпер колькасць палітвязняў, верагодна, ужо пралічвае варыянты гандлю гэтым таварам з Захадам. А пакуль ідзе гульня на павышэнне ставак». Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў сваім тэлеграме выказаўся пра суд, які распачаўся над экс-прэтэндэнтам у прэзідэнты.



vas_vot_marsh_oct25_20201025_015_logo.jpg

Улады ўсяляк імкнуцца паказаць Віктара Бабарыку банальным крымінальнікам. У першы дзень суда над ім генпракурор заявіў, што «гэта абсалютна карупцыйная справа, чыстай вады крымінальшчына», – піша Аляксандр Класкоўскі. — У гэткім жа духу (хай, маўляў, верне скрадзенае) не раз казаў пра свайго так і не стаўшага апанентам на выбарах (зрэшты, як сказаць) Аляксандр Лукашэнка.

Але ў тым і справа, што ў масавай свядомасці Бабарыка захаваўся менавіта як той, хто нечакана кінуў пальчатку нязменнаму прэзідэнту.

І ўсе наступныя няшчасці былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» значная частка беларусаў разглядае як расплату за палітычную дзёрзкасць, урок ад уладаў: а вось няма чаго было лезці наперадзе бацькі.

Аднак Мінск, які памнажае цяпер колькасць палітвязняў, верагодна, ужо пралічвае варыянты гандлю гэтым таварам з Захадам. А пакуль ідзе гульня на павышэнне ставак.

Тым часам набліжаюцца мясцовыя выбары, якія па прапанове Лукашэнкі могуць сумясціць з рэферэндумам па новай канстытуцыі.

І тут для рэжыму вымалёўваецца няпростая задача. Нават калі Бабарыка і завадатары пратэстаў будуць сядзець, напэўна знойдзецца каму надаць драйву выбарам у мясцовыя саветы.

Раней такія выбары мала каго цікавілі, цяпер жа падчас пратэстаў сфармаваліся моцныя лакальныя супольнасці з гарызантальнымі сувязямі, досведам самаарганізацыі, свежымі нізавымі лідарамі.

Так што вертыкалі будзе няпроста ў ранейшай манеры — ціха, практычна без канкурэнцыі — працягнуць у дэпутаты сваіх людзей.

Так, вядома, можна проста ўсіх ціснуць, біць па галовах. Але гэта будзе працаваць на дэлегітымацыю рэферэндуму.

Да таго ж улады будуць зацікаўленыя ў высокай яўцы на яго, што стане аб'ектыўна стымуляваць і актыўнасць на мясцовых выбарах.

Дарэчы, можна чакаць хітрай гульні рэжыму з пытаннямі рэферэндуму, каб апазіцыі было складана заклікаць да яго байкоту.

Не выключана, што будзе выкарыстаны леташні вопыт расійскіх уладаў, што мудрагеліста ўпакавалі падобную кампанію. Цалкам верагодна, што на плебісцыт вынесуць пытанне пра адмену смяротнага пакарання — каб змяшаць карты апанентам і Захаду.

Якую контргульню прапануюць у гэтай сітуацыі апаненты Лукашэнкі? Пакуль іх планы выглядаюць размыта і аддаюць шапказакідальніцтвам…

 Паводле gazetaby.cot.lt