Курдская газета абвяргае, што мёртвага мігранта вынеслі з Польшчы ў Беларусь

Курдскі партал «Rudaw» абвяргае інфармацыю беларускіх сілавікоў пра тое, што польскія памежнікі прымусілі мігрантаў вынесці ў Беларусь цела ўцекача, які ўваходзіў у іх групу, паведамляе «Еўрарадыё».

Памерлы Гайлан Длер / «Rudaw»

Памерлы Гайлан Длер / «Rudaw»


Журналісты пагутарылі са сваякамі Гайлана Длера — так звалі хлопца, які стаў ужо дзясятым грамадзянінам Ірака, загінулым за міграцыйны крызіс паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
Гайлану было 25 гадоў. Па нацыянальнасці ён курд. Яго бацькі сцвярджаюць, што 14 кастрычніка ён сапраўды адправіўся ў Беларусь з двума братамі, сястрой і швагерам. У Длера атрымалася трапіць у Польшчу, але польскія ўлады адмовіліся шпіталізаваць хворага на дыябет мігранта. У чацвер уночы яго адправілі ў Беларусь, але тады ён быў жывы.
«Rudaw» адзначае, што асноўнымі прычынамі, з якіх маладыя курды адпраўляюцца ў Беларусь, з'яўляюцца беспрацоўе і цяжкае эканамічнае становішча. «Беларускі маршрут» уяўляецца ім больш бяспечным, чым шлях праз Турцыю і Міжземнае мора. Улады Курдыстана заклікаюць мясцовае насельніцтва не ехаць у Еўропу і заяўляюць, што гатовыя ўзяць на сябе вяртанне на радзіму тых, хто ўжо знаходзіцца ў Беларусі ці ў Польшчы.