Лаўрухін: Моладзі трэба бегчы з краіны, і чым раней, тым лепей
Савецкая сістэма адукацыі сёння — гэта таксічны актыў. Улады пакідаюць няшмат варыянтаў для маладых людзей: моладзі трэба бегчы з краіны, і чым раней, тым лепей.
Калі ты ведаеш, што будзеш увесь час сядзець у Беларусі, без перспектыў, з мінімальным заробкам і дзяржаўным рэгламентам, то які сэнс прысвячаць гэтаму сваё жыццё? Мы назіраем беспрэцэдэнтны адток таленавітай моладзі. Фактычна гэта азначае знішчэнне інтэлектуальнага патэнцыялу краіны.
Экперты ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» – пра заклікі, якія прагучалі на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з рэктарамі ВНУ.
Ластоўскі: «Мэта, якую паставіў Лукашэнка — зрабіць якасную адукацыю і спыніць адток талентаў — з такім падыходам асуджана»
— Няма ў беларускіх школьнікаў асаблівага жадання атрымліваць вышэйшую адукацыю ўнутры краіны, гэта больш не з’яўляецца прыярытэтам, — пацвярджае «Салідарнасці» наяўнасць праблемы, на якую нарэшце звярнуў увагу Лукашэнка, сацыёлаг Аляксей Ластоўскі. — Дарэчы, праблема гэта была і раней, але пасля 2020 года яна вельмі ўзмацнілася.
У якасці доказу суразмоўца нагадвае вынікі даследавання інстытуту «Палітычная сфера», калі на пытанне: «У якую краіну вы б адправілі вучыцца сваіх дзяцей?», маладыя беларусы ўпэўнена называлі краіны Заходняй Еўропы і ЗША, шмат хто – канкрэтна Польшчу.
Між тым беларускія і расійскія вузы сышлі з топу пажаданняў.
— Так, мы бачым, што для моладзі прывабнасць беларускай адукацыі істотна зменшылася. Гэта можна было ўбачыць і па ўступнай кампаніі мінулага года, калі многія ўніверсітэты сутыкнуліся з недаборам абітурыентаў і былі вымушаны памяншаць набор.
У той жа час колькасць беларускіх студэнтаў толькі ў польскіх ВНУ дасягае дзясяткаў тысяч.
Пры гэтым трэба адзначыць, што за мяжу з’язджаюць у першую чаргу тыя, хто мае добрую падрыхтоўку, ведае замежныя мовы, гатовы развівацца далей, то-бок тая самая лепшая перспектыўная моладзь, якую можна было б назваць «будучай элітай».
Можна казаць аб тым, што мы назіраем беспрэцэдэнтны адток таленавітай моладзі. Фактычна гэта азначае знішчэнне інтэлектуальнага патэнцыялу краіны.
— Лукашэнка вялікай заслугай лічыць адсутнасць рэформаў і захаванне класічнай савецкай адукацыі. А навошта наогул патрэбныя тыя рэформы?
— Адукацыя заўжды існуе ў цесным кантакце з развіццём навукі і з развіццём грамадства. Яна не можа быць ізаляванай. Мы бачым, што адбываецца на рынку працы, дзе з прыходам аўтаматызацыі, а зараз і штучнага інтэлекту ідзе поўнае перафарматаванне.
Адныя прафесіі становяцца незапатрабаванымі, іншыя з’яўляюцца. І ўніверсітэт, як дынамічная структура, павінен адаптавацца да патрэбаў грамадства.
ВНУ павінны сёння ствараць спецыяльнасці, якія будуць патрэбныя праз 5-10 гадоў. Гэта азначае — мысліць наперад, а не думаць пра захаванне савецкай школы.
Калі казаць пра навуку, на якую таксама звярнулі ўвагу на нарадзе, то і сучасную навуку нельга ўявіць ізаляванай. Бо гэта будзе прафанацыя, патрыятычны, але не канкурэнтаздольны прадукт.
Для таго, каб ствараць якасны навуковы прадукт, трэба ўключацца ў міжнародную супольнасць. У беларускіх ВНУ застаўся выхад толькі на Расію і Кітай. Але гэта сур’ёзнае абмежаванне, якое азначае выпадзенне беларускіх навукоўцаў з міжнароднага ўзаемадзеяння і канкурэнцыі.
Відавочна, што гэта вядзе да зніжэння ўзроўню выкладчыкаў і якасці тых ведаў, якія яны перадаюць студэнтам.
У Беларусі спынена шмат праграм міжнароднага абмену, тая ж Еўрапейская праграма «Эразмус», больш не ідзе размоў пра паўнавартаснае далучэнне да Балонскага працэсу.
Да таго ж уключэнне ў міжнародныя навуковыя праекты — стыпендыі, паездкі, развіццё супрацы і таму падобнае — ствараюць дадатковыя бонусы для навукоўцаў.
Калі ты ведаеш, што будзеш увесь час сядзець у Беларусі, без перспектыў, з мінімальным заробкам і дзяржаўным рэгламентам, калі ведаеш, што не зробіш канкурэнтны прадукт, то які сэнс прысвячаць гэтаму сваё жыццё?
Вось так губляюцца ўсялякія перспектывы для моладзі ў навуцы.
— Калі Лукашэнка кажа, што хоча пакінуць у краіне лепшую таленавітую моладзь, і пры гэтым падкрэслівае, што адукацыя не можа заставацца па-за палітыкай і што ў ВНУ незадавальняючая ідэалагічная праца, ці не адчуваеце вы ў гэтым супярэчнасці?
— Так, я б дадаў сюды яшчэ адну супярэчнасць, якая прагучала.
З аднаго боку, агучваецца захаванне навуковага патэнцыялу, кажуць, што кожны навуковец у нас на вагу золата, трэба іх максімальна берагчы, і тут жа фактычна ідзе заклік да далейшага правядзення палітычных чыстак ва ўніверсітэтах. Рэпрэсій супраць тых, хто не падзяляе дзяржаўнай ідэалогіі.
Але ж тут нічога новага. Яны спрабуюць вырашаць праблемы адзіным вядомым ім спосабам — выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Між тым універсітэты з часоў сярэднявечча былі аўтаномнымі, месцамі, для якіх было важна стварыць прастору, якая б не паддавалася поўнаму кантролю, дзе панавалі свае нормы, каштоўнасці і правілы.
Калі пераўтварыць універсітэт у інструмент, які будзе займацца выключна трансляцыяй дзяржаўнай ідэалогіі, гэта будзе азначаць знішчэнне духу ўніверсітэту.
— Улады могуць сказаць: а навошта нам той дух, калі ёсць моцная ідэалогія?
— У гэтым і праблема. Ці шмат выкладчыкаў з высокім патэнцыялам, здольных аналізаваць, крытыкаваць, разважаць — сапраўдных выкладчыкаў — пагодзяцца працаваць, калі з універсітэтаў ствараць ідэалагічныя машыны?
Якім будзе эфект? Тут толькі адзін варыянт развіцця падзей — з’язджаць будуць і выкладчыкі, і студэнты. Як і цяпер.
Мэта, якую паставіў Лукашэнка — зрабіць якасную адукацыю і спыніць адток талентаў — з такім падыходам асуджана.
Павелічэнне прафарыентацыі па школах, яшчэ больш загрузіўшы выкладчыкаў, радыкальна сітуацыю не зменіць. Колькі б вы не расказвалі школьнікам пра прывабнасць беларускай універсітэцкай адукацыі, яны зробяць свой выбар, бо маюць розныя сродкі інфармацыі.
Лаўрухін: «Калі чалавек скончыць ВНУ і без прымусовай адпрацоўкі з’едзе з краіны, то, магчыма, у будучыні будуць арыштоўваць маёмасць у родных»
З тым, што ўлады не змогуць дасягнуць жаданага, згодны і эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін.
— Тое, што адбываецца, – лепшы доказ існавання праблемы, якую чыноўнікі па традыцыі доўгі час спрабавалі замоўчваць. Адбываюцца сапраўдныя ўцёкі з вузаў і з краіны, — адзначае эксперт у каментары «Салідарнасці». — І перад Лукашэнкам і яго паплечнікамі стаіць звышмісія — стварыць новае грамадства.
Але каб яго стварыць, трэба хоць кагосьці ўтрымаць у межах гэтай краіны. Бо як вы можаце нешта сканструяваць, калі ўсе збягуць.
— А як іх затрымаць, калі не адбіраць пашпарт?
— Гэта яны ўжо прыдумалі. Менавіта на гэта скіраваная сістэма прымусовага размеркавання, якую я называю «акадэмічным рабствам» ці «прыгонным правам у адукацыі».
І тут паўстае другая праблема. Калі маладыя людзі пасля ўніверсітэту бягуць за мяжу, у закладніках застаюцца іх родныя. Не выключаю, што такая помслівая логіка можа стаць цалкам рабочай.
Так, пакуль шантажуюць родных актывістаў, палітвязняў, то-бок прамых апанентаў.
Але, калі, напрыклад, чалавек скончыць ВНУ і без прымусовай адпрацоўкі з’едзе з краіны, то, магчыма, у будучыні будуць патрабаваць грошы, будуць арыштоўваць маёмасць у родных.
— Думаеце, гэта шмат каго спыніць?
— Думаю, што гэта стане яшчэ адным сігналам, што трэба бегчы. Сярод беларускай моладзі традыцыйна шмат тых, хто арыентаваны на заходнія, ліберальныя, дэмакратычныя каштоўнасці.
І калі раней у іх бацькоў была тактыка: няхай вывучыцца ў Беларусі, побач з домам, а потым едзе, каб нечага дасягнуць, то зараз з’ехаць пасля заканчэння навучання проста так будзе немагчыма.
Значыцца, бацькі будуць адпускаць сваіх дзяцей яшчэ да паступлення ў ВНУ. Асабліва хлопцаў, якія ўжо цяпер з’язджаюць пасля школы, каб не трапіць у армію.
Да таго ж, што тычыцца той самай славутай савецкай сістэмы адукацыі, сёння яна, мякка кажучы, пастаўленая пад сумнеў. Калі раней быццам бы за ёй цягнулася нейкая слава, то зараз гэта таксічны актыў.
Таму, я бы сказаў, улады пакідаюць няшмат варыянтаў для маладых людзей. Ім трэба бегчы з краіны, і чым раней, тым лепей. Гэта і стане новай тактыкай нашай моладзі. І тут няма нічога дрэннага — хутчэй інтэгруюцца.