«Выпускнікі пасля беларускай ВНУ плацяць выкуп, каб з'ехаць за мяжу»
Пра сумнеўную прывабнасць беларускай вышэйшай адукацыі і Беларусі як краіны ў цэлым піша ТГ-канал «Лісты да дачкі».
![«Студэнты ж не дурні, самі ўсё разумеюць». Ілюстрацыйнае фота «НЧ» «Студэнты ж не дурні, самі ўсё разумеюць». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_universitet_mdlu_studenty_2023_fota_novy_czas_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Студэнты ж не дурні, самі ўсё разумеюць». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Сёй-той учора паскардзіўся, што ў беларускіх ВНУ не хапае прафесараў. Таму прафесарска-выкладчыцкімі кадрамі раскідвацца не трэба. А трэба зладзіць сярод прафесараў «чысткі». Таму што прафесараў у беларускіх ВНУ і так не хапае. А калі зладзіць «чысткі» і выгнаць прафесараў сумнеўнай палітычнай лаяльнасці, то будзе хапаць. Жалезная, я лічу, логіка.
А тыя прафесары, якіх хапае, гэта самыя выбітныя спецыялісты. Таму беларускія ВНУ «закасцянелі да немагчымасці» і не паспяваюць за новымі тэхналогіямі. А трэба, каб паспявалі. Таму ніякіх навацый беларускім ВНУ не трэба. Таму што яны захавалі самыя перадавыя савецкія традыцыі, а не гналіся за рэформамі.
Глядзіце таксама
![Што ў беларускіх ВНУ робяць супрацоўнікі КДБ «Асабіста падпісаў загад аб звальненні выкладчыка». Чым у ВНУ займаюцца прарэктары па бяспецы](/img/v1/images/fota_jany_trusila_novy_czas5.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
І дзякуючы гэтым савецкім традыцыям у беларускіх ВНУ няма адбою ад студэнтаў, якія хочуць у іх павучыцца. Але студэнтаў беларускім ВНУ не хапае. Хоць лепш, чым у Беларусі, адукацыі нідзе не знайсці. І ўсе студэнты гэта разумеюць. Таму беларускія студэнты не хочуць вучыцца ў беларускіх ВНУ, а едуць вучыцца за мяжу.
Вось каб не ехалі вучыцца за мяжу, трэба зрабіць беларускую вышэйшую адукацыю прывабнай для беларускай моладзі. Таму не трэба загружаць галовы беларускіх студэнтаў бескарыснымі ведамі. А трэба загружаць карыснымі ведамі аб патрыятычным выхаванні.
Таму што беларуская моладзь павінна ведаць, што ў Беларусі для беларускай моладзі створаны самыя лепшыя ўмовы. І нідзе больш беларуская моладзь сабе лепшых умоў не знойдзе. Таму што беларускім выпускнікам у Беларусі гарантавана іх першае працоўнае месца. І гэта вялікая перавага для беларускіх выпускнікоў. Таму што нідзе больш ім першае працоўнае месца не гарантавана.
Глядзіце таксама
![Студэнты-платнікі абураюцца размеркаванню «Кідаць вучобу і з’язджаць». Што бацькі студэнтаў-платнікаў думаюць пра адпрацоўку](/img/v1/images/1042056722_0_160_3073_1888_1920x0_80_0_0_2b26cb76012f92364e6944c0a60dbf0c.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таму выпускнікі, адвучыўшыся ў беларускай ВНУ, плацяць выкуп, каб не карыстацца гэтай перавагай, а з'ехаць за мяжу. Таму што нідзе, як у Беларусі, у моладзі няма такіх сацыяльных гарантый. І моладзь — гэта выдатна, я табе скажу. Яны ж не дурныя людзі. Яны ж бачаць, што за мяжой у іх такога лёгкага жыцця, як у Беларусі, не будзе.
Таму выкуп за права не працаваць па размеркаванні трэба павысіць у разы, а для некаторых спецыяльнасцей наогул адмяніць. А тэрміны размеркавання павялічыць. Таму што, як ты памятаеш, у беларускіх ВНУ ж не хапае студэнтаў. І калі студэнтам у разы павялічыць памер выкупу, то прывабнасць беларускіх ВНУ для студэнтаў адразу павысіцца.
І толькі гэта лагічна. Таму што беларускія студэнты ж не дурні. Яны ж усё самі разумеюць.