«Акадэмічнае рабства, амаль пакаранне». Чым адгукнецца змена правіл прыёму ў ВНУ?
У Беларусі чарговы раз змянілі правілы прыёму ў ВНУ. Збольшага навацыі датычаць мэтавікоў — іх паболее. Напрыклад, на медычных спецыяльнасцях ім могуць аддаць да 90% усіх бюджэтных месцаў. Гэтыя захады дазволяць заткнуць кадравыя дзіры, але нематываванымі работнікамі, сказаў у размове з «Белсатам» эксперт у галіне адукацыі Андрэй Лаўрухін.
![imgl0539__1__logo.jpg_logo_1_logo_1_logo_1.webp imgl0539__1__logo.jpg_logo_1_logo_1_logo_1.webp](/img/v1/images/imgl0539__1__logo.jpg_logo_1_logo_1_logo_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Указ, якім змянілі правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, набыў моц у студзені, і ў сёлетнюю кампанію абітурыенты будуць «штурмаваць» універсітэты і інстытуты паводле новай працэдуры.
Самыя заўважныя змены закранулі «мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў». Калі раней мэтавікам аддавалі да 70% ад усіх месцаў толькі на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, то цяпер у пералік дадалі ветэрынарыю, рыбную гаспадарку і ахову працы.
Долю мэтавікоў у агульным ліку прыёму на медычныя ды іншыя спецыяльнасці захавалі (да 80% і 60% адпаведна). Але калі гаворка ідзе менавіта пра бюджэтную форму навучання, то тут лічбы вышэйшыя: мэтавікоў можа быць да 80%, а на медычных факультэтах — ажно да 90%.
Для тых, хто хоча атрымаць адукацыю па накіраванні, ухвалілі мінімальны ўзровень сярэдняга бала атэстата не ніжэйшы за 7. Праўда, гэта не датычыць «найбольш запатрабаваных эканомікаю спецыяльнасцей», а таксама такіх галін, як фізічная культура і спорт, сельская гаспадарка, ветэрынарыя, рыбная гаспадарка і ахова працы.
Пералік «запатрабаваных спецыяльнасцей» вызначае Міністэрства адукацыі разам з міністэрствамі эканомікі і працы.
У большасці выпадкаў для паступлення мусіць быць конкурс сярод мэтавікоў. Цяпер яго змогуць зладзіць самі арганізацыі, якім патрабуюцца працаўнікі. Такім чынам, калі нейкае прадпрыемства скіруе багата абітурыентаў і забяспечыць конкурс (больш за адну асобу на адно месца), то яно абавязкова атрымае выпускніка — незалежна ад іншых арганізацый.
Медалістам цяпер можна паступаць без іспытаў толькі ў рэгіянальныя ВНУ і не на медычныя спецыяльнасці, міжнародныя стасункі, міжнароднае права, эканамічнае права, дзяржаўнае кіраванне, усходазнаўства, а таксама туды, дзе творчасць і фізкультура — профільныя. Патрабуецца толькі здаць цэнтралізаваны экзамен за школьны курс.
У ВНУ ў Мінску медалістаў возьмуць без іспытаў на «найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці».
Глядзіце таксама
![Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра адукацыю Лукашэнка назваў пяць праблем вышэйшай адукацыі, тры з іх — «палітычныя»](/img/v1/images/licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg_1.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таксама пашырылі пералік спецыяльнасцей, на якія свабодна (патрабуецца толькі сумоўе) могуць паступіць выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.
Акрамя таго, урад атрымаў паўнамоцтвы вызначаць, выпускнікі якіх профільных класаў і на якія спецыяльнасці могуць паступаць без экзаменаў, толькі праз сумоўе. Пашыраюцца магчымасці для паступлення ў спецыялізаваныя ВНУ выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў і клубаў.
Напрыклад, для сувораўцаў скасавалі мінімальны сярэдні бал атэстата пры размеркаванні для далейшай адукацыі ў ВНУ Міністэрства абароны, МУС, Міністэрства надзвычайных сітуацый, Памежнага камітэта. Раней для гэтага трэба было мець вынік у 7 і больш балаў.
Эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін звярнуў увагу акурат на вялікую колькасць мэтавікоў у медычных установах. Такія выпускнікі мусяць адпрацоўваць не менш за 5 гадоў: «Гэта такое акадэмічнае рабства. Цяпер гэта амаль пакаранне, як рэкруты ў армію, як прыпісаны да зямлі прыгонны. Гэта даволі жахлівая сітуацыя, бо адкупіцца будзе амаль немагчыма. Думаю, дзяржава можа выставіць рахунак за незанятае працоўнае месца: маўляў, вы маглі працаваць і прыносіць карысць дзяржаве цягам пяці гадоў, а вы гэтага рабіць не будзеце. Адпаведна, кошты могуць вырасці значна, калі хтосьці сыдзе».
Аналітык таксама адзначыў іншыя навацыі ў правілах прыёму: напрыклад, гарманізацыю адукацыйнай прасторы Беларусі і Расіі.
«Грамадзяне Расіі і краін СНД могуць паступаць у беларускія ВНУ паводле спрошчанай працэдуры. Гэта спроба неяк прыцягнуць гэтых грамадзян у беларускія ВНУ, каб падвысіць лік студэнтаў і трохі забяспечыць бюджэты ўніверсітэтаў», — сказаў Лаўрухін.
Разважаючы асобна пра мэтавікоў, якіх прывязваюць да працоўнага месца там, дзе бракуе работнікаў, суразмоўца згадаў некалькі хібаў такой практыкі. Яна хаця і дазваляе «заткнуць кадравыя дзіры», але не матывуе адмыслоўцаў: «Як бы я ні вучыўся, працу дадуць, і як бы я ні працаваў, працоўнае месца ў мяне будзе. Гэта негатыўная рэч, што будзе мець доўгія наступствы. Чалавек, які будзе так сябе пазіцыянаваць у навучанні і працы, — гэта дрэнны чалавечы капітал. Не для развіцця эканомікі, а наадварот».
Як адаб’юцца новыя правілы на наборы мэтавікоў, прагназаваць складана, прызнае эксперт. У сем’ях, арыентаваных на Захад, рабства мэтавага навучання станецца яшчэ адным чыннікам на карысць таго, каб адправіць дзіця вучыцца куды-небудзь у ЕС адразу пасля школы.
З другога боку тыя, каго цяперашняя сітуацыя ў Беларусі задавальняе, хто «ўбудаваны ў сістэму». Яны, хаця і не будуць асабліва радавацца перспектыве адпрацоўкі не там, дзе хочаш, а куды пашлюць, але на прапанаваныя ўмовы пагодзяцца.
«Як будуць паводзіцца людзі паміж гэтымі крайнасцямі — гэта сапраўды цікава. Дакладна немагчыма пакуль прагназаваць, але зразумела, што кошт адукацыі значна павысіўся. Вось такі сацыяльны кантракт, прапанаваны дзяржаваю: мы на такіх умовах можам вам прапанаваць адукацыю. Як будуць адказваць грамадзяне на гэта — пытанне адкрытае», — адзначыў Лаўрухін.
Эксперт схіляецца да думкі, што бальшыня нявызначаных
будзе пагаджацца на новыя ўмовы: «Няпростыя ўмовы эміграцыі, нявызначанасць сітуацыі,
звязаная з вайною, прэсінг беларусаў у заходніх краінах — такія
чыннікі не спрыяюць ад’езду. Асоба будзе ўзважваць: пяць гадоў
адпрацоўваю, але я ў прафесіі, ці я з’еду невядома куды. Ваганне такое будзе
ўзрастаць».