Маці Іллі Міронава: Хай толькі хоць волас упадзе з галавы майго сына!
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў цяпер знаходзіцца ва ўпраўленні КДБ па Гомельскай вобласці, піша Свабода.
«Учора я вярнулася з лецішча, а ў кватэры проста пагром! Як Мамай прайшоўся. Усё перавярнулі дагары нагамі і звезлі Іллю. Я казала яму, ды ён і сам разумеў, што яго могуць арыштаваць. Мы былі нібыта гатовыя, але... Усё-ткі гэта нечакана было», — расказала Свабодзе Валянціна Міронава, маці валанцёра.
Ранкам 9 ліпеня ёй патэлефанавалі з УКДБ, папрасілі прынесці рэчы для Іллі.
«За што затрымалі? Сказалі, сакрэт. Па якім артыкуле — сакрэт! Я прасіла, каб перадалі сыну, што я яго вельмі люблю і заўсёды буду падтрымліваць. А ім сказала: „Хай толькі хоць волас упадзе з галавы майго сына!“. Пасля ператрусу не пакінулі нават пратаколу вобшуку, і гэта ў кватэры, дзе я гаспадыня! Можа, там кулямёт які падкінулі, адкуль я ведаю?» — дадала маці.
Хто такі Ілля Міронаў:
Ілля ў 2011 годзе ўдзельнічаў у «маўклівых акцыях». Займаўся таксама арганізацыяй канцэртаў. Улетку 2020 году ён вярнуўся з Польшчы, дзе працаваў, і далучыўся да «Гомельскага валанцёрскага руху». Шмат часу Ілля праводзіў пад РАУС і ІЧУ, збіраў звесткі пра затрыманых, інфармаваў іх сем’і, дапамагаў перадачамі.
Ад пачатку пратэстаў яго некалькі разоў затрымлівалі, увосень ён 30 сутак правёў у ІЧУ. Пасля вызвалення пісаў лісты палітвязням, насіў перадачы ў СІЗА, падтрымліваў сем’і зняволеных. Агулам Ілля напісаў больш за 2 тысячы лістоў «палітычным», занёс дзясяткі кілаграмаў перадач у ІЧУ і СІЗА.
У сваім фэйсбуку Ільля часта пісаў, што не пакіне Беларусь.