Марыя Калеснікава: «Вельмі хачу пачаць перапіску з Міхаілам Хадаркоўскім…»
«І калонія, і дарога туды мяне наогул не палохаюць. Паўсюль людзі. І многія з іх добрыя. Па-першае, гэты шлях, які я праходжу, праходзяць многія. А разам — не страшна», — піша Марыя Калеснікава. Бацька Марыі распавёў «Народнай Волі» пра ліст ад дачкі, які атрымаў на гэтым тыдні, а таксама падрабязнасці сустрэчы з ёю ў СІЗА на Валадарскага.
Як вядома, у мінулым годзе Марыя
Калеснікава ўваходзіла ў перадвыбарны штаб экс-банкіра і прэтэндэнта на прэзідэнцкую
пасаду Віктара Бабарыкі, а пазней перайшла ў аб’яднаны штаб Святланы
Ціханоўскай.
Марыю затрымалі на пачатку верасня 2020 года, пасля чаго спецслужбы паспрабавалі вывезці яе з Беларусі ва Украіну. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.
6 верасня Мінскі абласны суд асудзіў Марыю Калеснікаву на 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму, Максіма Знака, юрыста штаба Віктара Бабарыкі, — на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Аляксандр Паўлавіч Калеснікаў распавядае, што на гэтым тыдні атрымаў чарговы ліст ад дачкі.
«За мяне не перажывай, — піша Марыя. — Павер, што і калонія, і дарога туды мяне наогул не палохаюць. Паўсюль людзі. І многія з іх добрыя. Па-першае, гэты шлях, які я праходжу, праходзяць многія. А разам — не страшна. Па-другое, праз увесь гэты жах многія праходзілі і ў савецкай гісторыі, і ў наш час, але ўсё роўна выжывалі і заставаліся людзьмі.
…Вельмі хачу пачаць перапіску з Міхаілам Хадаркоўскім (расійскі бізнесмен і палітык, які быў асуджаны і прызнаны «Міжнароднай амністыяй» вязнем сумлення. — Аўт.). Што думаеш з гэтай нагоды? Абдымаю цябе і ўсіх астатніх. Беражы сябе і памятай: я з табой усім сэрцам!»
— Так мяне Маша супакойвае ў сваіх невялікіх лістах, — дадае Аляксандр Паўлавіч. — Я не столькі перажываю, колькі проста непакоюся, як дачка адаптуецца да новых умоў жыцця ў калоніі. Там жа зусім іншы рэжым, распарадак дня, зусім іншыя адносіны.
Але мяне падтрымлівае і старэйшая дачка, і малодшая, Таццяна, якой, да слова, днямі Міжнародны рэспубліканскі інстытут ЗША ў Вашынгтоне прысудзіў Прэмію свабоды.
— На мінулым тыдні вам дазволілі другі раз сустрэцца з дачкой у СІЗА на Валадарскага. Можна больш падрабязна пра гэту сустрэчу?
— Спатканне доўжылася крыху больш за гадзіну. Маша знешне выглядала досыць добра, была вясёлая. Размова праходзіла без напружання, хаця заўсёды непрыемна весці шчырую гутарку, калі цябе падслухоўваюць. Але дачка так змагла пабудаваць дыялог, што пра іншых прысутных нават забыўся, і адразу палепшыўся настрой.
Маша распавяла мне, што ў ізалятары працягвае вельмі сур’ёзна займацца вывучэннем эканомікі і нават завяла канспект. У камеры ў дачкі ёсць тэлевізар, яна пастаянна глядзіць эканамічныя перадачы. Зыходзячы з інфармацыі БТ і з тых ведаў, што атрымала з дапаможнікаў, нават аналізуе стан беларускай эканомікі. І гэты аналіз не на карысць нашага афіцыёзу.
Сур’ёзна рыхтуецца Марыя і да разгляду яе скаргі на прысуд у Вярхоўным судзе…
— Дата яшчэ не прызначана?
— Пакуль пра гэта нічога не вядома, але дачка сказала мне так: «Я павінна быць падрыхтаванай і пераканаць суд у сваёй праваце».
Таксама Марыя паведаміла, што за час знаходжання ў няволі ў яе ўзнік праект на будучыню — пераўтварыць Пішчалаўскі замак (гістарычны аб’ект, у якім зараз знаходзіцца СІЗА №1. — Аўт.) у вялікі культурны хаб, дзе знойдзецца месца і Музею гісторыі сталінізму, і пляцоўкам для спектакляў і музычных мерапрыемстваў… Маша верыць, што некалі яе ідэя зможа ажыццявіцца.
Увогуле, яна трымалася проста цудоўна. Калі б я ўбачыў дачку ў нейкім прыгнечаным стане, то мне было б цяжка. А так у мяне да гэтага часу перад вачыма ўсмешка на яе твары.
Таму быў вельмі задаволены і тым, як трымаецца дачка, і тым, што ў апошні час дазволілі два разы ўбачыць яе. Дарэчы, блізкім Максіма Знака таксама дазволілі другое спатканне. Ведаю, што з Максімам бачыўся і тата, і сястра. Ад Макса таксама ідзе пазітыў — настрой у яго бадзёры.
— Раней вы казалі, што былі праблемы з перапіскай — лісты то доўга ішлі, то наогул не даходзілі. Можа быць, зараз сітуацыя змянілася?
— У гэтым плане быў пэўны прарыў, але лісты па-ранейшаму даходзяць не ўсе. З пачатку кастрычніка ад Машы я атрымаў пяць лістоў, хаця піша яна практычна кожны дзень. Але хоць нешта даходзіць — ужо добра.