«Падтрымаць веру беларусаў у перамогу». Абвешчаныя лаўрэаты польскага «Оскара» ў галіне правоў чалавека

Офіс Святланы Ціханоўскай і Беларускі дом у Варшаве сталі лаўрэатам Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра ды Мэлу. Летась была ўганараваная праваабарончая арганізацыя з Беларусі «Вясна», а яшчэ раней — Аляксандр Мілінкевіч.

premija_dy_melu.jpg

Офіс Святланы Ціханоўскай і Беларускі дом у Варшаве сталі лаўрэатамі спецыяльнай узнагароды XVIII Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра ды Мэлу. Узнагарода называецца польскім «Оскарам» у галіне правоў чалавека.

«Мы жадаем, каб сённяшняя ўзнагарода стала доказам нашай падтрымкі для беларускага народу ў абліччы жорсткай палітыкі рэжыму Лукашэнкі», — сказаў дырэктар дэпартаменту Аб'яднаных нацый і правоў чалавека МЗС Польшчы Павел Радомскі.

Мы жадаем, каб беларусы ведалі, што мы пра іх памятаем, што бачым іх драматычную барацьбу і жадаем такім сімвалічным спосабам падтрымаць іх веру ў перамогу. Мы спадзяемся, што сённяшняя прэмія будзе спрыяць падтрымцы дабрачынных арганізацый у іх барацьбе за свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Летась лаўрэатам Польскай прэміі імя Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Сержыу Віэйра ды Мэлу быў Праваабарончы цэнтр «Вясна», а яшчэ раней — Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле www.polskieradio.pl