«Планаў у мяне хапае. Нават тут іх больш, чым вольнага часу». Максім Знак даў інтэрв'ю з-за кратаў

У верасні адвакат Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «заклікі пашкодзіць бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змову з мэтай захопу ўлады» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». А пачалося ўсё з таго, што ён далучыўся да штаба Віктара Бабарыкі і пасля затрымання кандыдата прадстаўляў яго інтарэсы ў Цэнтрвыбаркаме.

__bun_20200714_2765_hddm8_1.jpg

Пасля выбараў Знак, як і Марыя Калеснікава, увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады. І амаль адначасова з ёй быў затрыманы — агулам за кратамі ён ужо больш за 400 дзён. Напярэдадні этапу ў калонію Максім змог адказаць на некаторыя пытанні «Нашай Нівы» з СІЗА.

«Ніхто не спрабаваў зрабіць выгляд прыстойнасці прысуду»

— «Наша Ніва»: Як вы адрэагавалі на свой прысуд, калі казаць не пра першыя эмоцыі, а тыя, што саспелі праз час?

— Прысуд выклікаў стомленасць, расчараванне, але адначасова і разуменне, што ўсё стала яшчэ прасцейшым. Як пры абвінавачванні, так і пры вынясенні прысуду ніхто нават не спрабаваў прыбраць супярэчлівасці і дадаць крыху ахайнасці.

Ніхто не спрабаваў зрабіць выгляд прыстойнасці прысуду. Гэта непрафесійна, затое дазваляе паставіць усё на свае месцы адным простым пытаннем.

Год назад такім лакмусавым пытаннем было (і застаецца дагэтуль) такое: «Дзе пратаколы?» А цяпер я дадам такое ж простае: «Што казаў Знак?» Бо я ўжо за гэта асуджаны. Таму няма падстаў не называць публічна хаця бы адну маю фразу ці фразы.

Але пытанне «Што казаў Знак?» заўсёды застаецца без адказу, бо я не казаў. А гэта значыць, пытанне заўсёды будзе мець гэты відавочны адказ. І пра прысуд, і пра ўсё астатняе.

— Вы ўжо прачыталі ў зняволенні больш за 270 кніг. Склаўся топ?

— Абраць толькі адзін працэнт з прачытаных тут кніг гэтак жа нерэальна, як адказаць, каго больш любіш — маму ці тату. Я дам тры тройкі, хаця вартых прачытання кніг з майго спіса значна больш (амаль усе).

Першая група — гэта кнігі, якія я перачытваў, бо люблю іх:

«Майстар і Маргарыта» — за мудрасць і гумар.

«Каласы пад сярпом тваім» — за тое, што ўзаемна, і за натхненне.

«Уладар пярсцёнкаў» — за тое, што хобіты ўсе адно заўсёды перамагаюць.

Другая тройка — кнігі вязняў:

«У крузе першым» — за разуменне, што нічога страшнейшага за турму ў тваёй галаве ніколі з табой не здарыцца.

«Калымскія апавяданні» — за разуменне, як нам яшчэ пашанцавала са стагоддзем (пакуль што).

«Архіпелаг ГУЛАГ» — за разуменне, як яно ўсё працуе.

Нарэшце, трэцяя тройка — абраная з аўтараў, якіх я раней не чытаў. Гэтыя кніг даюць разуменне, адкрываюць светапогляд, які цяжка зразумець:

Рышард Капушчынскі: «Імператар» і «Шахіншах».

Джон Фаулз: «Калекцыянер».

Анатоль Франс: «Багі прагнуць».

(І я мог бы пералічыць яшчэ каля 240 кніг).

— Што самае цяжкае ў турме для вас асабіста?

— Бязглуздае марнаванне часу, вымушаная адзінота і інфармацыйны мазахізм: спроба даведацца пра рэальныя падзеі праз рэха прапаганды.

— Ці выходзіць і за кратамі заставацца айран менам? Якім чынам падтрымліваеце фізуху?

— Быць айран менам нескладана. Кожны можа стаць ім, калі хопіць упартасці не ленавацца выконваць план падрыхтоўкі. У мяне трэніровак па плаванні і ровару няма, таму я рабіў розныя смешныя практыкаванні і зноў пераканаўся, што на штодзённыя практыкі арганізм адказвае ўдзячнасцю і здзіўляе дасягненнямі: можна дасягнуць любой мэты.

Цяпер я спыніў эксперыменты і штодзённа раблю толькі прэс (каля 300 у дзень у сярэднім), пяць хвілін планкі і на добры сон усё астатняе — пры надвор’і і па жаданні.

— Што сніцца Максіму Знаку ў няволі?

— Сплю, як пшаніцу прадаўшы. І на жаль (ці на шчасце), забываецца, што бачыў у сне праз некалькі секунд пасля гучнага «Пад’ём!»

«Калі адматаць назад, я мог бы рабіць толькі тое самае»

— Веды і скілы юрыста за кратамі неяк дапамагаюць ці наадварот?

— Я ніколі не вёў крымінальных спраў, таму ўсе практычныя веды набываў тут. Але галоўнае ў юрыдычнай прафесіі — гэта не веды, а спосаб мыслення, які дапамагае ў розных жыццёвых сітуацыях, і тут таксама.

Сукамернікам я заўсёды раю звяртацца да прафесійных крымінальных адвакатаў, але, калі ёсць магчымасць, падказваю, што ведаю.

— Які ліст ад беларусаў вас найбольш крануў?

— Лісты ад майго сына Алеся і дзіцячыя малюнкі.

— Як вас змяніла няволя? Якія перамены ў сабе адчуваеце?

— Уласныя змены ніколі не бачыш, але, спадзяюся, маё захоўванне тут для некаторых якасцяў будзе мець такія ж наступствы, як захоўванне добрага каньяку. У першую чаргу, спадзяюся, узрастуць такія якасці, як жыццёвая мудрасць і любоў да родных.

Пры гэтым хацелася б, насуперак чаканням, не страціць у тутэйшым несправядлівым асяроддзі спачуванне да іншых людзей і іх праблем.

— Калі адматаць усё крыху больш чым на год назад, ці зрабілі б вы нешта інакш?

— Асабліва я ў тых жа абставінах мог бы рабіць толькі тое самае.

— Калі б вы ўсё ж сталі журналістам, як думалі, а не юрыстам, то дзе б марылі працаваць і пра што пісаць?

— Планета Зямля. Пра людзей. Сучасная журналістыка — глабальная, і амаль кожная праблема мае міжнароднае вымярэнне.

— Што параіце тым, хто збіраецца ці толькі паступіў на юрфак у Беларусі?

— Чытаць добрыя кнігі.

«Мае героі — гэта мае маці і тата»

— Ваша любімае месца на зямлі?

— Канечне, мой дом. Абраць іншае, публічнае месца ў Беларусі вельмі складана. Няхай гэта будзе скрыжаванне сямі мясцін: сярод Блакітных азёр, пад Ружанскім небам, паміж Белавежскіх дубоў, на Мінскіх узгорках, там дзе бягуць Нёман, Нарачанка і Іслач.

— Хто для вас кумір ці герой часу сярод жывых і тых, хто адышоў?

— Мой тата. Мая маці. Усе сусветна вядомыя нам жывыя і памерлыя — гэта нарацівы. Я захапляюся гісторыямі з іх жыцця, учынкамі, творамі, словамі, дасягненнямі. Але не здарма кажуць «каб не стваралі куміра». Прасцей натхняцца літаратурнымі вобразамі, бо яны такія, як ты вырашыў. А мы, людзі, на шчасце, розныя, супярэчлівыя і часам робім памылкі.

— Як не з’ехаць з глузду і не пераставаць верыць у справядлівасць сёння?

— Разумець, што справядлівасць — спрадвечная каштоўнасць, якая дазволіла чалавецтву выжыць і развівацца. А любыя падзеі, сведкамі якіх мы сталі, — імгненні ў гісторыі. То чакайце.

— Чаго з рэчаў і ежы больш за ўсё не хапае ў няволі?

— Гітары і дранікаў.

— Калі думаць пра самы горшы сцэнар, што вы плануеце зрабіць за гады ў няволі?

— Цяпер 10 гадоў для мяне — чвэрць жыцця. Я б не стаў смяшыць нікога акрамя Бога, расказваючы пра свае планы. Добра, што планаў у мяне заўсёды хапае. Нават тут іх багацей, чым вольнага часу.

Але не трэба ілюзій — мы не ў творчым санаторыі. Амаль усё, мной створанае тут, застаецца са мной у палоне. А гэта дрэнны матыватар. Год таму я напісаў песню «Майстар». Яна пра тое, як забівалі творчасць у ГУЛАГу (Гэтую песню, як і многія іншыя творы Максіма, цэнзары не прапусцілі).

— Што зробіце першым, калі выйдзеце на волю?

— Абдыму родных.

— Ці хочацца застацца ў прафесіі ў будучыні? А ўвогуле ў Беларусі?

— Так. Так!

— Частка беларусаў утрымлівае вас за кратамі, асудзіла вас. Беларусы — неверагодныя?

— Давайце без лагічных памылак. Бо я вось зараз дасканала ведаю, што частка беларусаў, напрыклад, прадае наркотыкі. Якую выснову я павінен зрабіць праз гэта пра ўсіх беларусаў? Які адсотак можа быць дастатковы, каб лічыць паводзіны гэтых людзей прыкметай нацыі? Ніякі.

Беларусаў, якія на 100% ведаюць нашу з Машай справу і не могуць схавацца за ілюзію апраўдання, не так шмат. Астатнія, хто таксама складае сістэму, могуць рабіць выгляд, што ім дакладна невядома і што штосьці ж можа ёсць — таямніца ж. Ці што гэта проста не іх справа, бо ў іх маленькая роля і свой загад.

Таму ніколі нельга рабіць агульнасцяў і дзяліць на мы/яны ці нацягваць коўдру дрэнных учынкаў адных на ўсю сацыяльную групу. І ніколі нельга лічыць і казаць, што беларусы — не неверагодныя.

— Што б вы перадалі беларусам, якія маглі адчаяцца?

— Раю не адчайвацца і не страчваць надзею! Але раіць гэта — бязглуздзіца. Пакуль чалавек жывы і хоча жыць, ён не страчвае надзеі. А ў іншым разе ён не будзе слухаць ніякія парады. Таму надзея будзе жыць ў кожным з нас. Могуць толькі змяніцца канкрэтныя спадзяванні.