«Янка, выходзь за мяне замуж». Асудзілі яшчэ двух фігурантаў «пінскай справы»
У судзе Ленінскага раёна Брэста 21 кастрычніка вынеслі прысуды двум фігурантам «Пінскай справы». Палітзняволенага Іллю Бохана і Сцяпана Дразда суддзя Андрэй Грушко прызнаў вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках») і асудзіў да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі адпаведна.
Менавіта такое пакаранне запытала для іх
пракурорка Алена Ціхановіч. Гэта ўжо трэцяя асуджаная група па «пінскай
справе» — агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Пінску з 9 на 10 жніўня
пазбавілі волі 26 чалавек. «Вясна» распавядае, што вядома пра суд над
трэцяй групай фігурантаў гэтай гучнай справы.
Спрабаваў зламаць дрэва. У чым абвінавацілі Бохана і Дразда?
Паводле версіі абвінавачання, Сцяпана Дразда абвінавацілі ў замахах (але не ўдарах) рукамі, адным удары па міліцэйскім шчыце, які, у сваю чаргу, зачапіў нагу супрацоўніка АУС Паліводы. Згодна з зачытаным на судзе вынікам медэкспертызы ад 12 жніўня 2020, у Паліводы «выяўленая рана на левай назе даўнасцю ад 2 да 6 сутак». Дзяржабвінавачванне заявіла, што «не выключае яе ўтварэнне ад удару Драздом па шчыце і пасля па гэтай назе». Відэа з ударам нагой па шчыце мелася ў матэрыялах справы.
На судзе Дрозд тлумачыў, што хацеў прайсці міма, але міліцыя
са шчытамі перагарадзіла дарогу. У нейкі момант яго штурхнулі шчытом, упаў,
рассек калена і пайшла кроў. Дразда паднялі людзі, што стаялі побач. Дрозд
ускідваў рукі ў абурэнні, і адзін раз рэзка паправіў рукаў — паводле версіі
абвінавачанага, менавіта гэта можа быць падобна да кідкоў на знятым з-за спін
міліцыянтаў відэароліку.
Ілля Бохан, якому ў жніўні 2020 яшчэ не было 18 гадоў,
паводле версіі абвінавачання, удзельнічаў у «масавых беспарадках» тым, што кінуў у строй міліцыі алюмініевую бляшанку з-пад энергетыка. Аднак
канкрэтны міліцыянт, у каго даляцела бляшанка, дзяржабвінавачаннем на
называецца. І з міліцыянтаў ніхто Бохана ў судзе не пазнаў. Таксама Бохану
ставіцца ў віну, што ён падышоў да дрэва, пачаў схіляць яго ўбок, каб зламаць —
але нічога не выйшла. У зале суда супрацоўнік «Зелянбуда» растлумачыў, што дрэва выжыла, не зламалася. Тым не менш, яго арганізацыя
падрыхтавала пазоў, кошт дрэва ацэнены бухгалтэрыяй у 117 беларускіх рублёў.
Зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Пра што казалі ў апошнім
слове абвінавачаныя?
У сваім апошнім слове Сцяпан Дрозд быў кароткі:
«Я гаварыў, што не згодны з тым, што мне прад'явілі.
Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў. Я проста не магу зразумець, як
дзеці будуць расці без мяне. Чалавека пакараць можна за нейкія імгненні, але
гэтае пакаранне — яно неабгрунтаванае. Я лічу, што Высокі суд неяк улічыць гэта
і вынесе правільны прысуд. Мне больш сказаць няма чаго».
Ілля Бохан жа сказаў больш доўгую прамову, у якой нават зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне:
«Высокі суд, я прашу Вас аб'ектыўна разабрацца ў дадзенай сітуацыі і праявіць міласэрнасць у знак спагады да маіх родных, каханай дзяўчыны, даць мне шанец на выпраўленне. Я глыбока ўсё ўсвядоміў і мне вельмі сорамна за ўчынак, які я здзейсніў. Калі б можна было вярнуць час назад... Прашу строга не караць мяне, улічыць, што я быў непаўнагадовы, не абдумваў свае ўчынкі. Раней не судзімы. Я праўда не хацеў прычыніць нікому боль, я не ішоў з думкай кагосьці біць, кідаць палкі.
Я ў чымсьці вінаваты, так. У тым, што кінуў гэтую бутэльку,
што спрабаваў зламаць дрэва — і ўсё. Прашу прабачыць мне за гэты ўчынак і
паставіцца справядліва. Прашу прабачэння за нейкія нязручнасці, якія
прадаставіў, у пракурора і ў вас, Высокі суд.
Я вельмі ўдзячны бацькам, што падтрымліваеце мяне,
дапамагаеце, чакаеце мяне. Я вас вельмі моцна люблю. У вас усё будзе добра, я
веру, абяцаю, усё выпраўлю. Я разумею, колькі на вашы плечы ўпала. Я вінаваты
перад вамі, мне вельмі сорамна. Шчасця, здароўя, дабрабыту».
Суддзя Андрэй Грушко перапыняе прамову Бохана:
«Па сутнасці справы ёсць яшчэ нешта? Гэта не спатканне,
што вы так размаўляеце».
Пасля гэтага абвінавачаны Бохан звярнуўся да сваёй дзяўчыны:
«Яна, [..] у мяне ёсць ты. Кахаеш мяне? — Так. — І ў
любым выпадку дачакаешся? — Так. — Прабач, што тады накрычаў на цябе. Я цябе
вельмі моцна кахаю. Я ўдзячны Богу, што сустрэў цябе. Я хачу зрабіць табе
прапанову. Янка, выходзь за мяне замуж. Прабач яшчэ раз за ўсё».
Чым усё скончылася?
Іллю Бохану дзяржабвінавачанне 5 кастрычніка запытала 3 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Сцяпану Дразду — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Андрэй Грушко 21 кастрычніка прызначыў менавіта такое пакаранне.