«Выглядае замучанай і худзенькай». Адвакат наведаў Наталлю Хершэ ў турме

У магілёўскай турме не дазволілі перадаць медыцынскі прэпарат грамадзянцы Швейцарыі, палітзняволенай Наталлі Хершэ, у якой пачалі інтэнсіўна выпадаць валасы. Пра гэта паведаміў брат Наталлі Генадзь Касьян.

374f5308_5934_43b8_bc42_6eb924a569f7_cx0_cy12_cw0_w1023_r1_s.webp


Прэпарат застаўся пакуль у адваката, які ўчора, у Дзень нараджэння палітзняволенай, наведваў яе ў турме. Начальнік медчасткі турмы па просьбе Наталлі дазволіў кансультацыю гінеколага з гарадской лячэбнай установы Магілёва. Доктарка, нягледзячы на просьбу Наталлі і на тое, што гэты прэпарат быў прызначаны ёй раней у Швейцарыі, адмовілася яго прызначыць і сказала, што ў ім няма патрэбы.
«Тое, што адбываецца з валасамі, гэта катастрофа. Сёння я перадаў у швейцарскую амбасаду каардынаты гінеколага, які раней лекаваў Наталлю ў Швейцарыі. Амбасада з ім звяжацца і потым дашле медыцынскую дакументацыю, дзе будзе прапісана, што Наталля атрымлівала курс гарманальнай тэрапіі. Застаецца толькі такі варыянт, — кажа Генадзь. — Дыпламаты перакладуць гэты дакумэнт, завераць пячаткай, і я хутка праз адваката перадам яго ў турму, каб сястры дазволілі прымаць гэты гармон, які я ўжо перадаў, але ён пакуль знаходзіцца ў адваката».
У астатнім Наталля не скардзіцца на здароўе. Паводле праведзенага ў турме аналізу, гемаглабін у яе ў норме.
«Яна выглядае замучанай і надта худзенькай, гэта першае ўражанне новага чалавека — адваката», — сказаў Генадзь.
Наталля паведаміла, што пакуль не атрымала ад брата пасылак, якія той адправіў 9 кастрычніка.
«На ўчарашні дзень пасылку з садавіной не атрымала, медыцынскую бандэроль таксама. Прыйшла толькі бандэроль з кнігамі, але яна распісалася, а сёння, я думаю, яна атрымае гэтую літаратурную бандэроль, — сказаў Генадзь. — Учора адвакат сказаў, што яна мне выслала больш за тры лісты, але я атрымаў толькі тры. Паглядзім, як будзе з перадачамі, бо пакуль іх не атрымала».
Паводле Генадзя, Наталля пакутуе ад інфармацыйнага вакууму, яна папрасіла перадаць ёй падпісныя індэксы выданняў «Наша гісторыя» і «Новы час».
«Наталля пакуль не ведае, што падпіска на гэтыя выданні забароненая. Таму давядзецца, відаць, падпісаць нейтральныя "АіФ", — кажа Генадзь. — У астатнім умовы ў турме адносна нармальныя — параўнальна з іншымі ўстановамі, якія яна ўжо прайшла. За мінулы месяц у турме ніякіх скаргаў ад Наталлі не было, гэта вельмі добра. Аптымізму і сілы духу не губляе», — кажа Генадзь.
З нагоды Дня народзінаў адвакат перадаў Наталлі віншаваньні ад дзяцей, брата Генадзя і бацькі Марыі Калеснікавай.
«Бацька Марыі, з якім мы нядаўна пазнаёміліся, сказаў, што абавязкова паведаміць у лісце дачцэ пра Наталлю, — кажа Генадзь. — Калі Наталлю пераводзілі з СІЗА на Валадарскага ў Жодзіна, яна пісала мне ў лісце, што гэта цудоўна, што паедзе ў Жодзіна, бо там жа Марыя Калеснікава. Вось такі натхнёны чалавек».