Выйшаў на волю Дзмітры Фурманаў, першы з асуджаных па «справе Ціханоўскага»
Дзмітры Фурманаў выйшаў з калоніі «Віцьба» 21 кастрычніка. Рэальна ён быў за кратамі меней за два гады, але паколькі 1 дзень у СІЗА да прысуду залічваецца як 1,5 дня ў калоніі, то ён цалкам адбыў пакаранне, накладзенае на яго судом, паведамляе «Радыё Свабода».
Пасля таго, як Фурманаў адбыў каранцін у калоніі, ён адразу трапіў у штрафны ізалятар, дзе прабыў да дня вызвалення, 21 кастрычніка, — гэта прыкладна паўтара месяца. Прычына пакарання — няветліва размаўляў з супрацоўнікамі, у камеры вісела павуцінне, прылёг на падлогу адпачыць пасля зарадкі і нібыта заснуў.
Пасля суду Дзмітрыю чатыры разы дазвалялі сустрэцца з бацькамі.
Дзмітры Фурманаў — гродзенец, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020 года на пікеце Святланы Ціханоўскай у Гродне.
Фурманаў збіраў подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезлі ў міліцыю.
Фурманаў атрымаў два гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ён некалькі разоў галадаваў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам з ім пад сценамі «Валадаркі» галадалі яго маці і дзяўчына.
Тэрмін Дзмітрыя скараціўся пасля пераліку паводле новага заканадаўства, дзе 1 дзень СІЗА залічваецца за паўтара дні калоніі агульнага рэжыму. А ў СІЗА ён правёў 1 год і 3 месяцы.