Дзмітрый Фурманаў пасля вызвалення: «Любы кепскі час заканчваецца, прыйдуць добрыя часы»
Дзмітрый Фурманаў, які першым з асуджаных па «справе Ціханоўскага» выйшаў на волю, даў першае інтэрв'ю на волі. Ён расказаў пра галюцынацыі ад холаду, самы радасны падарунак на Раство і аднаўленне барады, распавядае «Свабода».
«Стаяла задача мяне ізаляваць ад іншых асуджаных»
— Дзмітрый, як вы цяпер сябе адчуваеце?
— Я цяпер крыху ў стрэсавым стане, не разумею, што адбываецца. Мяне меліся вызваліць на дзень пазней, 22 кастрычніка. Але чамусьці за паўгадзіны да вызвалення да мяне прыйшлі і сказалі: «Калі ты хочаш сёння выйсці, мы цябе сёння выпусцім». Я не разумеў, калі я цяпер выйду, ці будзе нехта пра гэта ў курсе. Але мяне сустрэлі бацькі і сябры.
Апошнія паўтара месяца я быў не ў курсе, што адбывалася. Я не атрымліваў лістоў, не было газет. Я знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Навіны мяне, канешне, засмуцілі, бо яшчэ горшай стала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, людзей саджаюць, павялічваецца колькасць палітвязняў. Таму настрой не надта добры, але, канешне, лепш, чым заставацца ў турме. Да таго ж, я сустрэўся з блізкімі. Гэта вялікі зарад пазітыву, энергіі. Спадзяюся, што мяне гэта ўзбадзёрыць.
— Што вы далей плануеце рабіць?
— Паўтара месяца ў штрафным ізалятары (ШІЗА) было дастаткова, каб абдумаць свае далейшыя планы. Агулам, хацелася хутчэй убачыцца з роднымі. Што рабіць далей, яшчэ не вызначыўся. Я больш даведаюся, што адбываецца вакол, і буду ад гэтага адштурхоўвацца.
— Чаму вы так доўга сядзелі ў ШІЗА калоніі?
— Мяне накіроўвалі ў ШІЗА, як я думаю, з надуманых прычын.
Калі я прыбыў у калонію, стала відавочна, што стаіць задача як мага хутчэй мяне
ізаляваць ад іншых асуджаных. Чаму — я пакуль не зразумеў. Яны вельмі хутка
аформілі дакументы на ШІЗА і адтуль мяне не выпускалі да канца тэрміну. Ад
іншых асуджаных, з якімі хадзіў у душ, даведаўся, што калі мяне накіравалі ў
ШІЗА, то наўрад ці накіруюць у атрад за месяц да вызвалення, бо гэта папяровая
валакіта, гэта нязручна для калоніі.
«Часам у галаве пачыналіся галюцынацыі ад холаду»
— Як паўплывала зняволенне на ваша здароўе?
— ШІЗА — вельмі складанае месца для здароўя. Няма спальных
рэчаў, даводзіцца спаць на драўляных нарах. Было вельмі холадна, нават калі ўжо
ўключылі ацяпленне. Часам у галаве пачыналіся галюцынацыі ад холаду. Пасярод
ночы даводзілася тройчы ўставаць і рабіць зарадку, каб сагрэцца. Адна з нырак
пачала балець. Спадзяюся, яна адновіцца.
Па харчаванні нельга сказаць, што яно там лепшае сярод усіх
калоній, як яны самі кажуць. Я быў на «Валадарцы», у турмах Жодзіна і Гродна.
На «Віцьбе» нічога асаблівага па ежы няма, звычайная баланда. Заўжды
прысутнічаў голад, хацелася больш есці.
— Што самае цяжкае было падчас зняволення?
— ШІЗА для мяне быў самым горшым варыянтам. З самага пачатку
было лягчэй, калі не лічыць майго выкрадання, а з кожным днём было цяжэй і
цяжэй. ШІЗА было самым складаным. У першай палове тэрміну ў мяне не было прафуліку,
які «павесілі» на мяне ў турме: нібыта я схільны да нападаў на супрацоўнікаў
турмы, захопу закладнікаў, а цяпер яшчэ «павесілі» экстрэмісцкую і іншую
дэструктыўную дзейнасць. Я даведаўся, што ўсім «палітычным» гэта вешаюць.
Пасля пастаноўкі на ўлік у гродзенскай турме мяне пачалі
накіроўваць у карцар, часам з надуманых прычын, часам была і мая віна праз непаразуменні з начальствам.
— Якія моманты былі самыя радасныя?
— Калі я быў у турме Гродна, я думаў, што сустрэну Новы год
адзін. Але адміністрацыя палічыла, што гэта будзе надта жорстка для мяне, таму
31 снежня мяне падсялілі да іншых асуджаных. Было цікава сустрэць Новы год з іншымі людзьмі, пагаварыць, расказаць пра жыццё.
Калі гаварыць пра людзей, якія нас падтрымлівалі, гэта
вялікая падтрымка і дапамога. Дзякуй ім вялікі за гэта. Калі б не лісты і
перадачы, я не ведаю, як бы ўсім палітычным асуджаным складана прыйшлося. Я
вельмі добра памятаю момант, калі мне прыйшла перадача ад маёй дзяўчыны, якая
знаходзілася за мяжой. Там былі навагоднія пернікі, яны былі вельмі смачныя. Я
мяркую, што гэта найлепшы падарунак для мяне. Перадачы, пасылкі ад людзей,
падтрымка дарагога вартыя.
— Дзе вы шукалі надзею ў самыя цёмныя моманты падчас
зняволення?
— Самы складаны этап быў у ШІЗА. Ты не атрымліваеш ні
лістоў, ні перадач. Тады вельмі цяжка. Акрамя сваіх думак, у чалавека нічога
няма. Чалавеку даводзіцца ўзгадваць сваё жыццё, будаваць планы на будучыню.
Мяне гэта падтрымлівала. Я планаваў, што буду рабіць далей. Узгадваў добрыя
моманты з жыцця. Мяне гэта ратавала ў гэтыя хвіліны.
— Цяпер многія беларусы ў прыгнечаным стане. Ці хацелі б вы
ім нешта сказаць?
— Тым, хто зараз у дэпрэсіі і думае, што ў нас нічога не атрымаецца,
я хачу сказаць, што гэта ўсё часова. Любы кепскі час заканчваецца. Прыйдуць
добрыя часы. Нават у самай кепскай сітуацыі можна знайсці добрае. Калі ты не ў
турме, гэтаму ўжо можна радавацца. Хоць мы ўжо доўга цярпім, аказваецца, трэба
яшчэ пацярпець нейкі час.
— Вас памятаюць з густой рудой барадой. Ці вернецца яна?
— У ШІЗА трэба галіцца раз на тыдзень. Бліжэйшае галенне ў
мяне мелася быць у суботу. Я на яго не трапіў. У будучыні я аднаўлю бараду, не
хвалюйцеся.
— Як вас змяніла турма?
— Я думаю, не толькі мяне змяніла турма, яна кожнага
чалавека можа памяняць. Не тое што ён стане горшы ці лепшы або азлобіцца на
людзей. Турма дае час асэнсаваць сябе і свае дзеянні і думкі. У цябе
дастаткова часу, каб зразумець, што ты робіш. Людзей вакол ты разумееш з новага
боку. Турма — гэта школа жыцця, не такая, як войска, а больш жорсткая. Тут
чалавек успрымае сам сябе па-новаму, даведваецца пра сябе новыя рэчы, пра
людзей таксама. Баяцца турмы не варта. Калі ты ўжо туды трапіў, у цябе ёсць
добры час для пераасэнсавання і разумення сябе і людзей агулам.
Дзмітрый Фурманаў — гродзенец, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020 года на пікеце Святланы Ціханоўскай у Гродне. Фурманаў збіраў подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезлі ў міліцыю.
Фурманаў атрымаў 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ён некалькі разоў галадаў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам з ім пад сценамі «Валадаркі» галадалі яго маці і дзяўчына.
Тэрмін Дзмітрыя скараціўся пасля пераліку паводле новага заканадаўства, дзе 1 дзень СІЗА залічваецца за паўтара дня калоніі агульнага рэжыму. А ў СІЗА ён правёў 1 год і 3 месяцы. 21 кастрычніка ён выйшаў на волю з калоніі «Віцьба».