Медаль Крысціны Ціманоўскай будзе перададзены ў «Музей вольнай Беларусі»

Срэбны медаль II Еўрапейскіх гульняў, заваяваны Крысцінай Ціманоўскай у складзе эстафеты 4х100 метраў, будзе перададзены ў «Музей вольнай Беларусі». Такое рашэнне прыняў пакупнік лота Яўген, які жыве ў ЗША, падчас асабістай размовы з Крысцінай, паведамляе Фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF).

screenshot_5_3.jpg


«Яўген родам з Кіева і пераехаў у Амерыку 30 гадоў таму. Тады яму дапамагалі дзяржава, мясцовыя ўлады, суседзі і выпадковыя амерыканцы. Вопыт эміграцыі моцна змяніў Яўгена. І калі яго сям’я перайшла з зоны выжывання ў зону дабрабыту, ён вырашыў, што будзе дапамагаць іншым», — піша BSSF пра пакупніка лота.

Такім чынам ён выказаў салідарнасць з беларусамі, якія трапілі пад рэпрэсіі. Ён таксама мяркуе, што сваім учынкам зможа натхніць людзей ахвяраваць арганізацыям, якія займаюцца дапамогай пацярпелым, адзначае REFORM.by.

Паведамляецца, што сама Крысціна Ціманоўская вельмі рада, што медаль трапіць у музей. Часовая яго экспазіцыя будзе арганізаваная ў Польшчы з пераездам экспанатаў у Беларусь пасля дэмакратычных пераўтварэнняў.

«Медаль, якую я выставіла на аўкцыён, для мяне вельмі дарагая. Я выдатна памятаю той дзень і эмоцыі, якія яго суправаджалі. Таму, вядома, мне хацелася асабіста пазнаёміцца і пагутарыць з чалавекам, які, купіўшы яе, вырашыў падтрымаць мяне і ўсіх рэпрэсаваных спартсменаў. Шчыра скажу, я пад вялікім уражаннем. І дадам, што людзі, іх адкрытасць, гатоўнасць дапамагаць, ісці насустрач — гэта самае дзіўнае, з чым я сутыкаюся апошнім часам. Я рада, што медаль стане часткай экспазіцыі Музея вольнай Беларусі і будзе недалёка ад мяне. А аднойчы мы разам вернемся дадому» — пракаментавала рашэнне пакупніка Ціманоўская.

Нагадаем, медаль быў выстаўлены на продаж у пачатку жніўня і прададзены за 21 тысячу долараў. Паведамлялася, што гэтыя сродкі будуць накіраваныя ў BSSF для падтрымкі беларускіх спартоўцаў.