Мільён за любімы ровар

Мільён рублёў зможа зарабіць той, хто дапаможа знайсці злодзея, які cкраў ровар у самым цэнтры Гродна. Такое ўзнагароджанне гатовы заплаціць гаспадар ровара — гарадзенскі праграміст Уладзімір.



rovar_za_miljjon.jpg

Ілюстрацыйнае фота lostbike.ru

Старэнькі ровар, які быў прыпаркаваны ля ўваходу ў офісны будынак па вул. Маркса, 31, у хлопца скралі ў пятніцу, 4 красавіка. Ровар быў надзейна абаронены — прышпілены да парэнчаў замком-тросам. Да таго ж стаяў у даволі ажыўленым месцы, дзе пастаянна праходзіць шмат людзей. Але гэта не перашкодзіла невядомаму выкрасці транспартны сродак. Натуральна, Уладзімір напісаў заяву ў міліцыю, даў аб’яву на мясцовы форум, а пазней звярнуўся з відэазваротам, у якім паведаміў: “Аб’яўляю ўзнагароду за злодзея і вяртанне ровара — адзін мільён рублёў”.
 

Асаблівыя прыкметы ровара: TREK 3500, рама 22, колы 26, перадач 21, чорны багажнік, чорнае сядло з аранжавай устаўкай, балотнік чорны пластыкавы і толькі ззаду, мацаванне пад велакошык і навігатар на рулі, пацёртасці на відэльцы, раме і пер’ях.
 

“Ровар быў набыты ў 2012 годзе за 350 даляраў. Гэта зусім нядорага, — кажа Уладзімір Храмкоў. — Мая мэта — пакараць злачынцу, які скраў ровар у цэнтры горада на вачах у мінакоў”. Таксама малады чалавек хоча прыцягнуць увагу да праблемы крадзяжу ровараў. Ён заклікае гараджан быць больш пільнымі. Тады і злачынцы не стануць паводзіць сябе так нахабна.
 

Уладзімір лічыць, што адшукаць прапажу атрымаецца на працягу бліжэйшага тыдня. Калі ж не — то акцыя будзе працягнутая. У прынцыпе, на ўзнагароджанне можа разлічваць і міліцыя. “Мне не шкада мільёна, галоўнае — каб злодзея знайшлі”, — сказаў Уладзімір.
 

www.t-styl.info