Мінабароны Беларусі абвясціла мабілізацыю ў Гомельскай вобласці. Пакуль вучэбную

Міністэрства абароны Беларусі сёння пачало мабілізацыйнае вучэнне з ваеннымі камісарыятамі Гомельскай вобласці. Яно будзе доўжыцца да 1 ліпеня.


Паведамляецца, што вучэнне ўключана ў план падрыхтоўкі Узброеных сіл на 2021/22 навучальны год. Яго праводзіць намеснік начальніка Генштаба, піша REFORM.by.

«У ходзе правядзення вучэння будуць адпрацоўвацца пытанні па даўкамплектаванні ваенных камісарыятаў шляхам прызыву ваеннаабавязаных запасу. За час знаходжання на вайсковых зборах з вайскоўцамі правядуць заняткі» — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Колькасць навабранцаў не называецца. Ваенныя камісарыяты будуць таксама займацца апавяшчэннем ваеннаабавязаных, а таксама адпрацоўваць мерапрыемствы па зборах на пунктах адпраўкі ў воінскія часці.

«Пасля фармавання адпаведных каманд ваеннаабавязаныя будуць адпраўленыя па месцы жыхарства, такім чынам будзе праверана пытанне — кантрольнае апавяшчэнне» — растлумачылі ў абаронным ведамстве.

У вучэнні таксама будуць удзельнічаць падраздзяленні сіл спецаперацый. Іх задача — стварыць абстаноўку, набліжаную да рэальнай.

У Міністэрстве падкрэслілі, што асаблівасцю маючага адбыцца вучэння з'яўляецца тое, што пастаўка мабілізацыйных рэсурсаў у воінскія часці не плануецца, а закліканыя ў ваенныя камісарыяты на навучальныя зборы ваеннаабавязаныя будуць удзельнічаць у мабілізацыйным вучэнні ў складзе ваенных камісарыятаў. У папярэднія гады ў іншых абласцях навабранцаў адпраўлялі ў размяшчэнне вайсковых частак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: