Мінчанцы не далі праспяваць «Грай» і «Тры чарапахі» у караоке-бары. Што кажуць ва ўстанове?

Мінчанка Эльвіра Гурыновіч разам з сябрамі праводзіла вечар 16 ліпеня ў сталічным караоке-бары Polugar Bar. Кампанія захацела праспяваць «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкі», але атрымала адмову: маўляў, «палітычныя» песні тут больш не спяваюць. Пра гэта мінчанка распавяла ў сябе ў Instagram. Мы звязаліся з барам, каб удакладніць, з чым звязаны забарону.

karaoke.jpg

Пасля паходу ў бар Эльвіра Гурыновіч падзялілася ў Instagram эмоцыямі ад Polugar Bar. Яна напісала: «Аказалася, што з пазаўчорашняга дня ў караоке забароненыя песні "Ляпісаў", N.R.M. і "Кіно"». Мінчанка распавяла TUT.BY, як кампанія даведалася пра забарону на трэкі гэтых груп:
— Мы былі ў бары ў чацвер вечарам, хацелі спець «Грай» «Ляпісаў». Нам адказалі, што з рэпертуара «Ляпісаў» увогуле нічога не варта глядзець, яны забароненыя. Потым было пытанне пра «Тры чарапахі» N.R.M., бо якая палітыка ў гэтай песні? Але нам сказалі: «Вы же все понимаете». Аказалася, што ў іх з аўторка (дзень, калі Бабарыка і Цапкала не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты і на вуліцы выйшлі незадаволеныя гэтым беларусы. — Заўв. TUT.BY) было распараджэнне, што забароненыя ўсе «палітычныя» песні. Калі мы пачалі ўдакладняць, што значыць «палітычныя» песні, нам сказалі, што гэта якраз кампазіцыі «Ляпісаў», N.R.M. і «Кіно».
Тады ў кампаніі спыталі, што з беларускамоўнага рэпертуару наогул можна праспяваць у караоке. Ім прапанавалі кампазіцыю «Бялявая, Чарнявая» «Песняроў».
— Мы не запісвалі размову, але ў кампаніі нас было чалавек сем, усе гэта чулі. Размаўлялі мы з дзяўчынай-дыджэйкай, якая ставіла музыку. На жаль, не ведаю, як яе завуць.
Дзяўчына тлумачыць, што ў гэты караоке-бар яна з кампаніяй прыйшла таму, што ёй параіла сяброўка, па словах якой яшчэ паўгода таму тут можна было выконваць абсалютна любыя песні.
Мы паспрабавалі атрымаць каментар ва ўстанове па сітуацыі. Спачатку ў тэлефоннай размове прадстаўніца бара сказала, што «гэта асабістая пажаданне ўладальніка», і папрасіла ператэлефанаваць праз дзве гадзіны. У абумоўлены час «афіцыйнага» адказу не было, але праз дзень ён да нас усё-такі прыйшоў: пісьмовы.
— Забароны на выкананне ў караоке песень гуртоў «Кіно» і «Ляпіс Трубяцкі» у нас няма. Рэпертуар гурта N.R.M. нам невядомы, — былі кароткія прадстаўнікі Polugar Bar.
Даведацца, ці была ўсё ж такі забарона і калі была, то па якой прычыне, нам не ўдалося.
Паводле afisha.tut.by