Мінчука пакаралі 14-сутачным арыштам за налепку з Пагоняй на машыне

Як «Пагоня» звязаная з хрысціянствам?

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

43-гадовага Дзяніса Ільінчыка затрымалі 24 жніўня. Падставай для яго затрымання стала налепка з «Пагоняй» на задніх дзвярах аўтамабіля, паведамляюць праваабаронцы.

За гэта ў Цэнтральным РУУСе супраць Дзяніса склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сёння, 26 жніўня, у судзе Цэнтральнага раёна справу Ільінчыка разглядзеў суддзя Дзмітрый Карсюк.

Паводле слоў Дзяніса, на машыне акрамя налепкі з «Пагоняй», ёсць яшчэ і налепка з хрысціянскім крыжам, бо ён веруючы чалавек. Мужчына кажа, што гэтыя налепкі размешчаны на машыне ўжо амаль 5 гадоў. Імі Дзяніс не выказвае свае палітычныя погляды, а толькі веравызнанне. Але суддзя Карсюк не разумеў, «як “Пагоня” звязана з хрысціянствам». Дзяніс адказаў, што «ВКЛ — гэта цэнтр хрысціянства, а акрамя вершніка на гербе ёсць крыж».

Акрамя гэтага, Дзяніс на судзе абурыўся паказаннямі сведкі-міліцыянта, які сцвярджаў, што затрыманне адбылося каля 12:00. Але мужчына сцвярджае, што 24 жніўня ён прыехаў у ДАІ, каб аплаціць штраф за няправільную паркоўку. Штраф аплаціў ён толькі каля 15:00, на што звярнуў увагу сведкі. Праз некаторы час супрацоўнікі ДАІ заўважылі на машыне налепку, самастойна яе знішчылі, а Дзянісу прапанавалі праехаць у РУУС для гутаркі, дзе яго і затрымалі.

У выніку суддзя Карсюк прызнаў Дзяніса Ільінчыка вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштаваў яго на 14 сутак.