Мінінфарм не можа прыцягнуць да адказнасці «Жоўтыя слівы», бо яны там не зарэгістраваныя

Ведамства ў чарговы раз паспрабавала адфутболіць гомельскага актывіста Іллю Міронава і яго законныя спробы абараніць свае правы, гонар і годнасць.

Фота з smartik.ru

Фота з smartik.ru


Яшчэ ў красавіку Ілля Міронаў напісаў у Міністэрства інфармацыі скаргу на адрас сеткавага выдання «Жоўтыя слівы», якое, паводле неафіцыйнай інфармацыі, з’яўляецца прадуктам журналістаў «СБ. Беларусь сёння». Гомелец абурыўся паведамленню ў тэлеграм-канале «ЖС. Premium», у якім яго называлі «стукачом» за спробы прыцягнуць да адказнасці праўладных прапагандыстаў. У сувязі з гэтым Міронаў папрасіў вынесці пісьмовае папярэджанне «СБ. Беларусь сёння» за распаўсюд звестак, якія груба парушаюць Канстытуцыю, нагадвае «Штодзень».

І вось які адказ актывісту прыйшоў днямі з Мінінфарма.

«…Міністэрства інфармацыі не валодае інфармацыяй пра тое, ці з’яўляецца рэдакцыя сродкаў масавай інфармацыі «СБ. Беларусь сёння» ўладальнікам тэлеграм-каналаў «Жоўтыя слівы» і «ЖС. Premium». Пры гэтым, незалежна ад таго, хто з’яўляецца ўладальнікам згаданых у Вашым звароце тэлеграм-каналаў, да яго не можа быць прымененая мера рэагавання, прадугледжаная для дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі».

Сваё рашэнне аб немагчымасці «прымянення мер рэагавання» Мінінфарм патлумачыў тым, што тэлеграм-каналы «Жоўтыя слівы» і «ЖС. Premium»… не зарэгістраваныя ў Мінінфарме і сродкамі масавай інфармацыі не з’яўляюцца!

Праўда, нерэгістрацыя ў Міністэрстве інфармацыі раней не перашкаджала ведамству блакаваць іншыя рэсурсы, нават расійскія.

З усімі сваімі прэтэнзіямі Іллю Міронава, зрэшты, як заўсёды, паслалі ў суд.


Апускаць рукі гомельскі актывіст і не збіраецца. Пасля кожнага такога «адфутбольвання» з боку чыноўнікаў ён бярэцца адстойваць свае правы з новымі сіламі.

Літаральна днямі пасля падобнага адказу з Мінінфарма на скаргу актывіста з нагоды абразаў яго з боку рэдакцыі тэлеканала «СТБ» у асобе вядучага Андрэя Мукавозчыка (ведамства адмовілася выносіць пісьмовае папярэджанне СМІ за абразу) актывіст напісаў і адправіў новую скаргу ў Мінінфарм з патрабаваннем выдаліць размешчаныя на тэлеканале абразлівыя матэрыялы пра яго і яшчэ раз настаяў на вынясенні тэлеканалу пісьмовага папярэджання. Таксама Міронаў адправіў скаргу на адказ на свой зварот у Мінінфарм і адрасаваў яе ўжо ў Савет Міністраў Беларусі. У гэтай скарзе актывіст папрасіў выдаць Мінінфарму «абавязковае для выканання прадпісанне аб належным вырашэнні пытання» альбо разгледзець яго зварот па сутнасці з выкананнем законаў Рэспублікі Беларусь.